Некалькі дзён у Гродне дзьмуў моцны вецер. У горадзе падалі дрэвы і агароджы. У рэдакцыю Hrodna.life 12 сакавіка звярнуўся чытач Ігар: яго машына пацярпела падчас непагадзі. Ён ужо напісаў заяву ў пракуратуру.
8 сакавіка машына Ігара была прыпаркаваная на вуліцы Горкага каля дома № 73а, дзе зараз ідзе рамонт фасада. Вярнуўшыся да машыны, мужчына ўбачыў, што будаўнічая агароджа ўпала на капот.
«Я ўбачыў шматлікія пашкоджанні, — распавядае Ігар. — Патэлефанаваў у міліцыю і МНС. Супрацоўнікі агледзелі аўтамабіль і зафіксавалі факт у дакументах».
Парушэнне тэхнікі бяспекі
Праглядаючы відэазапіс рэгістратара, усталяванага ў аўтамабілі, мужчына прыйшоў да высновы, што да ўстаноўкі агароджы работнікі будаўнічай арганізацыі РСУ-6 трэсту «Гроднагарбуд» паставіліся нядбала.
«Гэта агароджа належным чынам не была замацавана. Пры найменшым парыве ветру яна пачынала хістацца, элементы мацавання былі зафіксаваныя ненадзейна. Як бачна на відэа, міма праходзяць грамадзяне і, бачачы ненадзейна ўсталяваную агароджу, адбягаюць убок, а некаторыя з іх падымалі элементы агароджы, якія адвальваліся, і спрабавалі прымацаваць на месца».
Маглі пацярпець людзі
Мужчына лічыць, што падчас здарэння сіла ветру была нязначнай. 12 сакавіка Ігар звярнуўся ў пракуратару: ён хоча, каб па факце правялі праверку і высветлілі, ці былі пры ўсталёўцы агароджы парушаныя нормы.
Ігар кажа, што датэлефанавацца да кіраўнікоў будаўнічай арганізацыі не змог. Толькі 12 сакавіка ён выйшаў на юрыста.
«Я хачу, каб мне пакрылі шкоду, гэта па іх віне пашкоджаны мой аўтамабіль. Добра, што ў той вечар не пацярпелі людзі».
Патрэбна экспертыза
Юрыст-консультант РСУ-6 трэсту «Гроднагарбуд» Фёдар Міхайлавіч (прозвішча назваць адмовіўся) распавёў Hrodna.life, што будаўнічая арганізацыя гатовая выслухаць грамадзяніна і пры наяўнасці ўсіх экспертыз выплаціць кампенсацыю.
«Мы будзем разбірацца па чыёй віне ўпала агароджа. Мы не адмаўляемся, але можа агароджу нехта штурхнуў? Відэа нам не паказвалі. Хай грамадзянін праводзіць экспертызу і ў выпадку чаго паводле афіцыйных дакументаў мы выплацім кампенсацыю. Але не так, як ён кажа: „на вока“ ўмоўных 500 долараў».