Домікі для рамеснікаў, стаянкі, прыбіральні і банкаматы — у гарвыканкаме распавялі, што ўжо зроблена і што будзе зроблена ў бліжэйшы час для камфортнага прыёму турыстаў, піша vgr.by.

Святаў стане больш

Цікавасць з боку замежных гасцей прымушае ўлады горада і ўсіх зацікаўленых у развіцці турызму не спыняцца і працягваць развіццё якаснага сэрвісу. На каардынацыйным савеце ў гарвыканкаме абмяркоўваюцца варыянты, як зрабіць горад прывабным для гасцей, каб, пабываўшы ў нас адзін раз, турысты захацелі вярнуцца.

— Мы працягваем развіваць інфраструктуру. Гэта добраўпарадкаванне вуліц, арганізацыя новых маршрутаў, устаноўка помнікаў вядомым асобам, — распавёў начальнік аддзела спорту і турызму гарвыканкама Яўген Ародзь. — Акрамя гэтага трэба павялічыць колькасць святаў, арганізаваць новыя фестывалі і праводзіць бясплатныя экскурсіі.

Змены адбудуцца ў грамадскім харчаванні. Чакаецца, што ў кафэ і рэстаранах горада будуць уводзіць стравы беларускай кухні, каб узмацніць нацыянальны каларыт. Меню перакладуць на замежныя мовы, дзе гэта яшчэ не зроблена.


У цэнтры Гродна зноў з’явілася шыльда рэстарана «Беласток». Адкрыццё ў красавіку


Аўтобус прыпаркуюць за заапаркам

У гістарычнай частцы горада ёсць праблема з паркоўкамі. Яна асабліва актуальная ў выходныя дні, калі ў цэнтры збіраецца некалькі дзясяткаў турыстычных аўтобусаў. Самая зручная стаянка — на Вялікай Траецкай каля сінагогі, дзе дарожная разметка дазваляе прыпаркаваць дзесяць аўтобусаў. Менавіта адсюль большасць экскурсаводаў пачынае шпацыры па гістарычнай частцы Гродна. Але стаянка не можа змясціць увесь транспарт, таму кіроўцам прапануюць толькі высаджваць пасажыраў, а пакідаць аўтобусы — далей ад цэнтра, напрыклад каля стадыёна або на вуліцах Будзёнага і Каханоўскага.

— Да гэтых парковак з цэнтра горада адлегласць адзін-два кіламетры, — кажа Яўген Ародзь. — Мы разаслалі рэкамендацыі турфірмам і бачым, што яны ідуць насустрач і выконваюць іх.

Змяніўся рэжым працы абменнікаў

Гарадскі каардынацыйны савет па турызме распрацаваў план, паводле якога ў гэтым годзе разглядаецца варыянт адкрыць стацыянарны павільён з туалетам у Каложскім парку.

Пакуль жа прыезджыя бесперашкодна могуць наведваць прыбіральні ў ГЦ «Нёман», моладзевым цэнтры «Гродна», на чыгуначным вакзале, у Новым замку і стацыянарным павільёне на паркоўцы каля сінагогі.

У гэтым годзе прадугледжана ўладкаванне павільёнаў для рамеснікаў на Савецкай вуліцы. Чакаецца, што яны будуць выкананы ў адзіным стылі. Пакуль жа гандлёвыя месцы майстроў выглядаюць як прыйдзецца: адны усталёўваюць палаткі, як на рэчавых рынках у 90-я, іншыя расстаўляюць сталы.

У канцы мінулага года ў гарвыканкаме прайшла нарада з кіраўнікамі аддзяленняў банкаў у цэнтры горада. У выніку некаторыя пункты абмену валюты і аддзяленні пачалі працаваць па выходных.

Звернуць увагу на банкаматы. У адным з банкаў правялі маніторынг і высветлілі, што грашовыя апараты запатрабаваныя ў турыстаў. У выхадныя дні адзначаюць рост зняцця наяўных па картах замежных банкаў.

У экскурсаводаў прымуць экзамен

Праводзіць экскурсіі могуць толькі атэставаныя гіды-перакладчыкі і экскурсаводы. Для гэтага трэба здаць экзамен, які ўключае тэставанне і гутарку. Яго прымаюць у нацыянальным агенцтве па турызме і ўпраўленні спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама. Пасля паспяховых выпрабаванняў спецыяліст атрымае пасведчанне аб атэстацыі тэрмінам на пяць гадоў.

У бліжэйшы час, магчыма, адбудуцца змены ў заканадаўстве. Улады хочуць узмацніць кантроль за неатэставанымі гідамі і экскурсаводамі, у тым ліку замежнікамі, якія скажаюць гісторыю горада і прадастаўляюць падарожнікам некарэктныя звесткі.


З пачатку гэтага года Гродна наведала больш за 12 тысяч турыстаў з 30 краін свету. Нагадаем, што бязвізавы рэжым пачаў дзейнічаць з 26 кастрычніка 2016 года. За гэты час у нашым горадзе пабывала каля 142 тысяч гасцей.