Ахвотных набыць комплекс будынкаў па Віленскаму завулку, 16, у тым ліку і вядомае памяшканне «Рэмбыттэхнікі», не знайшлося. Адкрытыя таргі, на якіх за восем капітальных пабудоў прасілі парадкв 1 мільёна даляраў, павінны былі адбыцца ў аўторак, 12 сакавіка, піша «Вячэрні Гродна».
На аўкцыён выстаўлены ўвесь комплекс будынкаў, збудаванняў і абсталявання, які ўключае восем капітальных будынкаў. Гэта і адміністрацыйны будынак, склад, два гаража, склад гатовай прадукцыі. Таксама ў лот уключаны інжынерныя камунікацыі, элементы добраўпарадкавання і дрэвы з хмызнякамі. Пачатковы кошт складала 2,28 мільёнаў рублёў. Аднак ніхто на таргі не зарэгістраваўся.
Нагадаем, прадаўцом нерухомасці ў цэнтры Гродна выступае сетка хімчыстак «Чайка», у валоданне якой «Рэмбыттэхніка» юрыдычна перайшла ў канцы мінулага года. Паслугі, якія выконвалі ў «Рэмбыттэхнікі», цяпер выконвае ТАА «Чайка».
Таксама стала вядома, што неўзабаве памяняе назву і аднайменны прыпынак грамадскага транспарту.