За 20 дзён гісторыку Мечыславу Супрону і праекціроўшчыку Сяргею Шчукіну ўдалося сабраць праз краўфандынг на ulej.by усю суму на праект адбудовы вуліц Кляштарнай і Замкавай у Гродне. Талака працягнецца яшчэ больш за месяц, таму далучыцца яшчэ можна. Пасля гэтага гродзенцы пачнуць ствараць эскізную мадэль праекта страчанага квартала.
«Літаральна за дзень нам удалося назбіраць 70% ад усёй сумы! Што я магу сказаць? Гэты горад — магічны! Ну, а мы марым зрабіць яго больш утульным і прыгожым. І ў нас, не сумняюся, усё атрымаецца! […] Усе 13 фундатараў будуць адзначаны ў выніковым праекце, які мы апублікуем. Дзякуй ім», — распавёў на сваёй старонцы Мечыслаў Супрон.
Гістарычны цэнтр Гродна страціў значную частку забудовы ў выніку знішчэнняў Другой сусветнай вайны і пасляваеннай перапланіроўкі горада. Многія страты незваротныя. На месцы знішчаных у савецкія часы будынкаў з’явіліся новыя пабудовы, якія часта не ўпісваюцца ў навакольнае архітэктурнае асяроддзе. У адрозненні ад шэрагу еўрапейскіх гарадоў, у якіх фактычна з папялішча былі адноўлены гістарычныя цэнтры, у Гродне на месцы пустыроў, дзе некалі стаялі барочныя камяніцы, узводзіліся шэрыя хрушчоўкі.
Сёння, як паказвае практыка, пытанне забудовы пустыроў у гістарычным цэнтры не страціла актуальнасці. Замест паслядоўнай рэнавацыі і адбудовы страчанай архітэктуры, забудоўшчыкі працягваюць узводзіць новыя будынкі.
Мечыслаў Супрон і Сяргей Шчукін займаюцца стварэннем эскізнага праекта для навукова абгрунтаванай адбудовы квартала зніклай вуліцы Кляшторнай і ўсходняга боку вуліцы Замкавай. Зараз зроблена прыкладна 20% ад усёй працы. Усе мадэлі страчаных камяніц ствараюцца на аснове захаваных фотаздымкаў, планаў і інвентарных вопісаў.
«Пасля завяршэння праект будзе апублікаваны і прапанаваны гарадскім уладам у якасці найбольш правільнага, з нашага пункту бачання, варыянта рэгенерацыі гэтай часткі гістарычнага цэнтра», — кажа Мечыслаў.
Як паказвае практыка, падобны падыход апраўдвае высілкі. Прыклад — нядаўняе зацвярджэнне праекта трох камяніц на месцы зруйнаваных на вул. Замкавай па матывах графічнай рэканструкцыі забудовы, прапанаванай гродзенскімі гісторыкамі.
«Наша каманда вымушана займацца стварэннем праекта ў вольны ад асноўнай працы час, што істотна замаруджвае ўвесь працэс стварэння мадэлі. Акрамя таго, для напісання гістарычнай даведкі нам не хапае некаторых планаў і дакументаў, якія мы плануем замовіць у архіве за пэўную суму», — тлумачыць Мечыслаў Супрон.
Грамадская дапамога дазволіць скараціць не толькі тэрміны стварэння, але і павысіць навуковую базу праекта. Аўтары спадзяюцца, што знойдуцца інвестары, якія будуць мець жаданне і сродкі для рэалізацыі праекта.
У Гродне на продаж выставілі дом на 2-м Падольным завулку - па суседстве з рэстаранам…
Міліцыя Грjдзенскай вобласці маніторыла Інтэрнэт і занепакоілася "нацызмам" сярод школьнікаў. Яны "зігуюць", слухаюць музыку Трэцяга…
Дыялогавая пляцоўка для бізнесменаў з Беларусі і Польшчы прайшла ў Гродне 25 красавіка. Мясцовыя ўлады…
Гродзенцы не ацанілі новыя канструкцыі для кветак на Савецкай. У красавіку на пешаходнай вуліцы ўсталявалі…
Тры злачынствы за "экстрэмізм" распачалі супраць падлеткаў у Гродзенскай вобласці ў 2024 годзе. У тым…
«Такіх месцаў і ў свеце не так многа, а ў Беларусі нічога падобнага проста няма», —…