Вокны аўтамабіля і трох гарадскіх аўтобусаў пашкодзіў 20-гадовы лідчанін. Ён страляў з кватэры на першым паверсе, паведамілі ў прэс-службе абласной міліцыі.
У выніку абстрэлу ў аўтобусах пашкоджана 6 вокнаў, а таксама акно ў аўтамабілі, дзе на заднім сядзенні знаходзілася дзіця: стрэл прыйшоўся ў пярэднюю бакавую шыбу.
Першым пацярпеў уладальнік легкавога аўтамабіля, — ён звярнуўся ў міліцыю з заявай аб тым, што ў яго машыну трапіў камень, пашкодзіўшы шкло. Праз некаторы час у міліцыю пачалі паступаць паведамленні пра іншыя падобныя выпадкі: кіроўцы гарадскіх аўтобусаў выяўлялі характэрныя пашкоджанні на шкле.
Супрацоўнікі міліцыі, якія прыбылі на месца здарэння, высветлілі, што пашкоджанні наносілі не камяні, а стралок. Ён быў п’яны.
У дачыненні да лідчаніна ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле 339 КК «Хуліганства».