Выпіць духмянай кавы і з’есці гарачую выпечку гродзенцы змогуць у новай кавярні на вуліцы Савецкай, 29, у будынку былога ўнівермага «Дзіцячы свет». Адкрыццё ўстановы пад назвай «HotFix» запланавана на канец сакавіка, піша «Вячэрні Гродна».

Размесціцца кавярня на плошчы, дзе раней знаходзіўся «Еўрашоп» з таварамі па фіксаванай цане. Дарэчы, пакупнікі «Усё па 2,40» могуць не перажываць: іх крама нават не змяніла адрас — яна проста пераехала на процілеглы бок будынка.

Цяпер на месцы будучага кафэ вядуцца будаўнічыя працы. Мяркуючы па праекце, пасадачная зона размясціцца ўздоўж вокнаў, з якіх адкрываецца від на цэнтральныя вуліцы Гродна. Будзе адна каса і некалькі вітрын з гатовай прадукцыяй. Як распавялі будаўнікі, адкрыць установу плануюць у канцы сакавіка.