Ужо ў гэтым годзе на будынку завода «Аўтаправод» шчучынцы адкрыюць памятную інфармацыйную дошку, а да 130-й гадавіны з дня нараджэння Шарля дэ Голя ў 2020 годзе тут можа з’явіцца помнік нацыянальнаму герою ад французаў. Таксама з’явіцца інтэрактыўны музей са стылізацыяй часоў Першай сусветнай вайны, піша «Гродзенская праўда».

Дыдзье Канес, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Францыі ў Беларусі, атрымаў падтрымку ад Фонду Шарля дэ Голя для ўшанавання яго памяці ў Шчучыне — месцы, дзе ў гады Першай сусветнай вайны ў нямецкім лагеры для ваеннапалонных сярод іншых 35 французскіх афіцэраў утрымліваўся капітан французскай арміі Шарль дэ Голь — будучы генерал і прэзідэнт Францыі.


Шарль дэ Голь у гады Першай сусветнай знаходзіўся ў лагеры для ваеннапалонных у беларускім Шчучыне


Французскі бок шчыра зацікаўлена ва ўвекавечанні памяці свайго прэзідэнта і сумесных культурна-гістарычных праектах са шчучынцамі. Улады горада ўпэўненыя, што гэта прыцягне ў Шчучын шмат турыстаў. Тым больш, што Шчучын неўзабаве ўвойдзе ў бязвізавую зону. Шчучынцы, дарэчы, мараць здабыць у Францыі горад-пабрацім.

— У перспектыве ў будынку, у якім зараз цэх аўтатрактарных камплектаў ААТ «Завод «Аўтаправод», а ў гады Першай сусветнай утрымліваўся палонны Шаррль дэ Голь, размесціцца інтэрактыўны музей са стылізацыяй часоў Першай сусветнай вайны. У красавіку ў райцэнтры і іншых мясцінах Беларусі, звязаных з гісторыяй Францыі, пабывае група французскіх сенатараў, — кажуць улады.