Гродзенец Кірыл Мішын убачыў у Мюнхене «піўныя сады» і захацеў перанесці гэтую нямецкую традыцыю ў Беларусь. Убачыць, што ў яго атрымалася, можна будзе 9-10 сакавіка на святкаванні «Масленіцы» у АТК «Гарадзенскі маёнтак «Каробчыцы». У гэтыя дні ўваход на тэрыторыю комплексу будзе бясплатны.
У Мюнхене ў добрае надвор’е, на вуліцы, у цені дрэў на доўгіх драўляных сталах і лавах, людзі адпачываюць і п’юць разліўныя напоі. Там гэта ўжо стала цэлым культам. Людзі прыходзяць у такія «сады» сем’ямі, праводзяць свой абедзенны перапынак, прызначаюць бізнес сустрэчы.

«Калі я быў у Мюнхене ў адным з такіх нетурыстычных піўных садоў, то быў уражаны тым, колькі там пенсіянераў, сем’яў з дзецьмі. Ніхто не сядзіць у тэлефонах, людзі размаўляюць адзін з адным», – распавядае Кірыл Мішын пра тое, як яму прыйшла ідэя адаптаваць нямецкую традыцыю пад беларускія ўмовы.

Не было маёнткаў без бровару
Такое месца, як «Каробчыцы», падыходзіць і з пункту гледжання беларускай гісторыі, упэўнены Кірыл.
«У такіх маёнткі шляхцічы заўсёды трымалі свае бровары. Аж да XVIII стагоддзя піва было адным з асноўных напояў нашых продкаў», – кажа Кірыл. І шкадуе, што сёння Гродна – адзіны абласны цэнтр Беларусі, дзе няма свайго піваварства.
Гродзенскія «сады» пачнуцца з невялікага магазіна з дэгустацыйнай залай і невялікай музейнай экспазіцыяй. Знаходзіцца крама будзе ў каробчыцкім дэндрапарку. «Мы ствараем дэндрапарк у памяць аб некалі зялёным Гродне, дзе быў нават свой батанічны сад», – кажа Кірыл.
Лекцыі пра піва, калекцыі атрыбутыкі і свой хэштэг
У краме на кранах плануецца ставіць прадукцыю толькі топавых беларускіх півавараў, стварыўшы магазін лакальнага крафту. Пробнае тэставае адкрыццё адбудзецца 9-10 сакавіка на святкаванні Масленіцы. Акрамя гэтага, спецыялісты будуць чытаць лекцыі аб класіфікацыі піва, аб піўной этыкетцы і г.д., а калекцыянеры прадставяць свае зборы піўной атрыбутыкі.
Назва крамы – «Бровар ля Губерта» – адносіць да заступніка паляўнічых святога Губерта, які аднойчы на паляванні убачыў аленя з крыжам на лбе. Гэты алень адлюстраваны на гербе Гродна. Статую самога Губерта наведвальнікі могуць убачыць побач з крамкай. Кірыл запрашае фатаграфавацца з ёй і публікаваць фота з хэштэгам #броварлягуберта. «Аўтараў самых удалых здымкаў узнагародзім памятнымі падарункамі», – абяцае ён.


