Напрацягу тыдня з 4 па 10 сакавіка будуць праходзіць бясплатныя адукацыйныя мерапрыемствы для моладзі і дарослых. Праз іх арганізатары хочуць прыцягнуць увагу гарадзенак і гарадзенцаў да праблем жанчын у сучасным грамадстве. Усе мерапрыемствы будуць праходзіць у цэнтры адпачынку і развіцця «Партал».

Адкуль узялася дата

У Беларусі 8 сакавіка адзначаюцца як міжнародны жаночы дзень, які стаў асацыявацца з вясной, прыгажосцю і жаноцкасцю. У гэты дзень мамам, жонкам і бабулям прынята дарыць кветкі і падарункі, жадаць «простага жаночага шчасця, кахання і прыгажосці». Але адкуль паўстала гэтае свята і чаму было прысвечана першапачаткова?

Афіцыйна 8 сакавіка стала святочным днём у СССР у 1921 годзе з «лёгкай рукі» знакамітай савецкай феміністкі Аляксандры Калантай. Існуе некалькі версій, чаму была абрана менавіта гэтая дата, але ні адна не звязана ні з жаноцкасцю, ні з кветкамі, ні з прыгажосцю.

Па адной з гэтых версій ў 1857 годзе 8 сакавіка ў Нью-Ёрку амерыканскія тэкстыльшчыцы зладзілі страйк — «марш пустых рондаляў» — патрабуючы паляпшэння ўмоў працы. Па іншай версіі акцыю ладзілі прастытуткі, якія патрабавалі выплаціць заробак маракам, якія ў сваю чаргу карысталіся іх паслугамі і не мелі грошай расплаціцца.

На карысць другой версіі выступаюць і тыя, хто звязвае выбар даты з забастоўкамі прастытутак 8 сакавіка ў Парыжы ў 1894 годзе, у 1895 годзе ў Чыкага і ў 1896 у Нью-Ёрку. Жанчыны патрабавалі легалізацыі прафесіі і уладкавання адпаведных прафсаюзаў. Немалаважны і той факт, што Клара Цэткін і Роза Люксембург самі ўдзельнічалі ў падобнай акцыі прастытутак у 1910 годзе, патрабуючы спыніць агрэсіўныя дзеянні паліцыі.

Па яшчэ адной версіі менавіта гэта дату Клара прапанавала таму, што была габрэйскага паходжання (дакладна не вядома). У 1910 годзе менавіта на гэты дзень выпала яўрэйскае свята Пурым. Ён прысвечаны іудзейскай царыцы, якая па легендзе выратавала габрэйскі народ ад персаў, зачараваўшы цара Ксеркса.

Так ці інакш, магчыма спалучэнне ўсіх гэтых фактараў стала прычынай, але ў 1910 годзе ў Капенгагене на жаночым форуме Клара Цэткін менавіта гэтую дату прапанавала для правядзення міжнароднага дня салідарнасці жанчын у барацьбе за свае правы. «Святкаваць» яго прапаноўвалася мітынгамі, забастоўкамі, пікетамі - увогуле, усімі дапушчальнымі метадамі прыцягнення грамадскай і палітычнай увагі да праблем жанчын.

«Гэта не свята жаночай прыгажосці, а свята жаночай барацьбы»

«У нашы дні свята цалкам страціла свой першапачатковы сэнс, які ў яго ўкладвалі заснавальніцы фемісцкага руху, — тлумачыць лідарка „АБФ“, феміністка, Дар’я Нячай. — Гэта не свята жаночай прыгажосці, а свята жаночай барацьбы! На жаль у наш час сэнс і сімволіку гэтага дня сказілі да непазнавальнасці».

«Мы ў АБФ падумалі, што гэта добрая нагода пагаварыць аб сучасных праблемах і прыцягнуць да фемінізму 21 стагоддзя ўвагу як жанчын, так і мужчын. Да нашай ініцыятывы далучыліся іншыя арганізацыі і мы прапануем удзельнікам і ўдзельніцам цэлы шэраг мерапрыемстваў на працягу ўсяго тыдня. Вакол жаночай тэмы бытуе мноства стэрэатыпаў, мы б хацелі змяніць гэтую несправядлівую сітуацыю».

Анонс мерапрыемстваў на тыдзень 4−10 сакавіка

Панядзелак, 4 сакавіка, 19.00. АБФ правядзе дыскусійны гурток «Што не так з 8 сакавіка?». Удзельнікі пазнаёмяцца з гістарычнымі аспектамі свята, самымі прыкметнымі феміністкамі пачатку мінулага стагоддзя і іх дасягненнямі, якія сучасныя жанчыны ўжо прымаюць, як належнае.

Аўторак, 5 сакавіка, 18.00. Пройдзе гурток АБФ, прысвечаны дыскрымінацыі ў лексіцы і такой сучаснай з’яве, як жаночая форма «мужчынскіх» слоў. Назва гуртка «Навошта нам фемінітывы».

Серада, 6 сакавіка, 19.00. Рэспубліканская моладзевая грамадская арганізацыя «Грамацкі форум» запрашае ўсіх паглядзець разам і абмеркаваць фільм, прысвечаны першаму судоваму разбору па справе аб дамаганні «Паўночная краіна».

Чацвер, 7 сакавіка, 19.00. АБФ працягне кінапаказы. Удзельнікі паглядзяць і абмяркуюць дакументальны фільм пра жанчын.

Пятніца, 8 сакавіка, 15.00. Гродзенскае падраздзяленне міжднароднай студэнцкай асацыяцыі «AEGEE» правядзе гендарны ворк-шоп «Хлопчыкі супраць Дзяўчынак».

Субота, 9 сакавіка, 18.00. На гуртку АБФ «Фемінізм не патрэбен» можна будзе даведацца пра сучасныя тэндэнцыі жаночага руху.

Нядзелю, 10 сакавіка, 19.00. Завершыць тыдзень тэатральны гурток АБФ, на якім таксама тэма жанчын будзе асноўнай.

Усе мерапрыемствы будуць праходзіць у цэнтры адпачынку і развіцця «Партал» — вул. Вялікая Траецкая 31, 2-гі паверх. Уваход вольны.