Цэнтр экалагічных рашэнняў пры падтрымцы дзяржаўнай установы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» распрацаваў анлайн-памочнік Irecycle.by. Гэты сайт акумулюе актуальную інфармацыю аб тым, як спраўляцца з бытавымі адходамі.

Віртуальныя кантэйнеры, прататыпы тых, што стаяць у дварах беларусаў, забяспечаныя падказкамі аб тым, што ў які кантэйнер апускаць. Калі ёсць выключэнні, пра гэта таксама сказана. Калі не атрымалася адшукаць патрэбны тып адходаў, карыстальнікі прама на сайце заўсёды могуць пагаварыць з экаробатам і ўдакладніць патрэбную інфармацыю. Беларусы часта сутыкаюцца з цяжкасцямі пры сартаванні смецця і размеркаванні яго ў розныя кантэйнеры, у тым ліку таму, што на рынку шмат тавараў (асабліва упакоўкi), зробленай з разнастайных матэрыялаў, якія складана ідэнтыфікаваць.

Не ведаеш як сартаваць адходы ў Беларусі? Ёсць анлайн-інструкцыя

Для Беларусі гэтая ідэя новая, за мяжой такія рэсурсы дапамагаюць гарадскім камунальным службам інфармаваць насельніцтва. Так, рэсурс Irecycle.by заснаваны на прыкладзе сайта экалагічнага дэпартамента Сан-Францыска (ЗША), горада, які паспяхова развіваецца ў напрамку Zero waste (нуль адходаў) і ў якім працуе адна з самых эфектыўных сістэм кіравання камунальнымі адходамі ў свеце.

— Мы спадзяемся, гэты сайт стане зразумелым і даступным рэсурсам, які растлумачыць, што з тавараў і ўпакоўкі мае сэнс збіраць асобна, а што — не. Верагодна, многія перагледзяць свой лад жыцця і звычкі, калі ўбачаць, колькі матэрыялаў ідзе наўпрост на сметнік. Дадзеная інфармацыя дазволіць людзям рабіць свядомы выбар, адмаўляючыся ад тавараў, якія неперапрацоўваюцца. Цэнтр экалагічных рашэнняў паслядоўна выступае за далейшае развіццё і ўдасканаленне сістэмы паасобнага збору адходаў у Беларусі, а таксама за скарачэнне колькасці аднаразовых тавараў і тых, што неперапрацоўваюцца, — тлумачыць дырэктар Цэнтра экалагічных рашэнняў Яўген Лабанаў.


Каб замацаваць веды па правільным сартаванні смецця, патрэніруйцеся анлайн у нашай гульні з аленем Лявонам!

Не ведаеш як сартаваць адходы ў Беларусі? Ёсць анлайн-інструкцыя