Гродзенскі антыфашыст Аляксандр Горбач падаў надзорную скаргу на імя старшыні абласнога суда. Аляксандр Горбач імкнецца да таго, каб у судовым парадку была адменена незаконная карная пастанова, паводле якой яго аштрафавалі за перапосты ў сацыяльнай сетцы ВКонтакте, піша Гарадзенская вясна.

20 лістапада 2018 года суд Кастрычніцкага раёну Гродна прысудзіў жыхара гораду Аляксандра Горбача паводле двух артыкулаў Адміністрацыйнага кодэксу агулам да 30 базавых велічынь штрафу. Горбач не пагадзіўся з несправядлівай пастановай суда і падаў касацыйную скаргу ў абласны суд. Суддзя абласнога суда Васіль Скок, які разглядаў касацыйную скаргу Горбача, выключыў адну з частак абвінавачвання, аднак не адмяніў пастанову суда Кастрычніцкага раёну.

Аляксандр Горбач мае мінімум спадзеваў на тое, што старшыня Гродзенскага абласнога суда Аляксандр Корзун аб’ектыўна разгледзіць яго надзорную скаргу і ў разе адмовы мае намер падаваць скаргу вышэй — у Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь.

Сітуацыю каментуе праваабаронца Уладзімір Хільмановіч:

«Цяжка давесці законнасць у такіх судах, калі на белае кажуць чорнае і наадварот. Суддзя Валерый Шпак аштрафаваў Горбача абсалютна беспадстаўна. У адным з перапостаў у сацсетцы Аляксандр размясціў выразна антыфашысцкую карыкатуру — а яго штрафуюць за нібыта прапаганду свастыкі! Як такое можа ўкладацца ў юрыдычную логіку? — Але ў судзе Кастрычніцкага раёну менавіта так. Па іншых эпізодах абвінавачвання карнай пастановы таксама поўны абсурд. Відавочна, што ў гэтай гісторыі выразнае перавышэнне службовых паўнамоцтваў органам, які пачаў адміністрацыйную справу, неаб’ектыўны яе разгляд судом Кастрычніцкага раёну і „заплюшчванне вачэй“ на парушэнне заканадаўства абласным судом пры разглядзе касацыйнай скаргі».