Канцэрт да 60-годдзя гродзенскага барда і шоўмэна Віктара Шалкевіча прайшоў у Цэнтры гарадскога жыцця 27 лютага. У залі сабралася каля 200 прыхільнікаў яго творчасці. На што Шалкевіч пажартаваў: “Лепш 200 чалавек на юбілеі, чым 500 на похаранах”. Пасля канцэрту Hrodna.life распытаў у наведвальнікаў, што для іх значыць Шалкевіч. Спойлер: адмоўных водгукаў не было.
“Я вельмі даўно Віктара ведаю, – распавёў Петр Анісімовіч. Ён – артыст, каторым варта захапляцца. Такі вясёлы. У нас вельмі мала пазітыву. А тут і музыка, і пазітыў.
У ім ёсць агонь, каторы ўсё растопіць.
Цудоўны чалавек. Усе яго песні люблю, не назаву нейкую адну. За сталом спяваем якая прыйзе на думку. Прыгожа, цудоўна, дзякуй богу, што ён ёсць, і што ёсць дзе з ім сустрэцца.
“Да канца засталіся – значыць – спадабалася,” – тлумачыць Мікалай Доўгель з Берастовіцкага раёна. –
Зачапіла ўсё на сто працэнтаў. Успомнілі маладосць”
Віктар Шалкевіч сабраў на канцэрце ў Гродне каля 200 чалавек
“Ох, Шалкевіч! Гэта голас Гародні, – кажа Ала Петрушкевіч. – Гэта голас таго, што адышло. 30-я гады, міжваенная Гародня – гэта Шалкевіч. Заўсёды дзіву даюся, як яшчэ нешта можа стварыць Шалкевіч.
За душу кранаюць не толькі струны яго гітары, але і гэты незвычайны лірызм ягоных песняў.
І смяюся, і сумую і маю найвялікшую асалоду слухаць яго. Асабліва на схіле зімы”.
“Магу пра Шалкевіча сказаць шмат чаго, – распавядае Валеры Маскевіч. – Гадоў 15 таму, калі я быў яшчэ звычайным “рускоговорящим” вучням, да нас у школу прыйшоў гэты чалавек.
Я, калі песню пра пацукоў пачуў, божа мой, штосці ўнутры мяне скалыхнулася!
Потым пачаў паглыбляцца ў гэту невядомую атмасферу яго творчасці. Кожны раз прыходжу на канцэрты.
Некалькі гадоў таму так здарылася ў жыцці, што ў мяне адначасова памерлі два дзеда. І я прыйшоў на агульнанацыянальную дыктоўку, якую ў той год вёў Шалкевіч. Гэты чалавек сваёй энергетыкай так мяне ўскалыхнуў, што я зразумеў – жыццё працягваецца. Удзячны яму за гэта”.








