Каля «крывога дома» на вуліцы Вялікай Траецкай вывесілі праект рэканструкцыі гэтага будынка. З аднаго невялікага старога дома вырасце цэлы комплекс пабудоў: гасцініца, бровар і офісы. Гісторык Мечыслаў Супрон лічыць, што вялікае будаўніцтва ў гэтым месцы пахавае ідэю адраджэння Школьнага двара — страчанага яўрэйскага раёна Гродна.

Дом на Вялікай Траецкай, вядомы як «крывы», некалькі гадоў пуставаў і быў на грані зносу. У 2017 годзе ўласнік — чайны дом «ЧайКоффский» — вырашыў перабудаваць будынак пад гасцініцу з броварам і офісамі. У канцы 2018 года на аб’екце пачаліся падрыхтоўчыя працы.

«Згодна з праектам будынак не цалкам будзе разбірацца — застаецца фасадная сцяна. Але трэба разумець, што дом аварыйны і не выключана, што яго давядзецца разабраць цалкам. У любым выпадку, гістарычны выгляд будынка захаваецца», — распавядаў раней Hrodna.life заснавальнік чайнага дома «ЧайКоффский» Дзмітрый Рыхліцкі.

Не нагляд, а паўнавартасныя раскопкі

Уласнік будынка таксама распавёў, што на тэрыторыі будаўнічай пляцоўкі падчас земляных работ будзе праводзіцца археалагічны нагляд.

Гісторык Мечыслаў Супрон лічыць, што на будаўнічай пляцоўцы трэба праводзіць не нагляд, а паўнавартасныя археалагічныя раскопкі.

«Дрэнная навіна для гістарычнага цэнтра Гродна. Інвестар пад выглядам рэканструкцыі будынка пачатку 20 стагоддзя пабудуе надзвычай вялікую гаргару, якая, мабыць, пахавае ідэю адраджэння Школьнага двара. У выніку будаўніцтва новага аб’ёму будуць знішчаныя падмуркі сямі камяніц. Мабыць, самым каштоўным будынкам, які тут калісьці знаходзілася, была яўрэйская малітоўня цэха Мяснікоў 19−20 стст», — напісаў на сваёй старонцы ў facebook Мечыслаў Супрон.

Паводле яго слоў, археалагічныя пласты на месцы будоўлі сыходзяць у 12 ст.

[irp posts="91 929″ name="Возле синагоги в Гродно обнаружили фундамент молитвенной школы «Хевре Алших""]

[irp posts="94 266″ name=""Уже есть инвесторы. Молодой гродненец разрабатывает проект восстановления еврейского квартала в Гродно"]

Запіс гісторыка сталі актыўна каментаваць. Напрыклад, былы начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Беларусі Ігар Чарняўскі адзначыў, што гродзенцам трэба ставіць пытанне аб выкананні палажэнняў Кодэкса аб культуры. Перш за ўсё, аб парадку распрацоўкі і зацвярджэння навукова-праектнай дакументацыі для рамонтна-рэстаўрацыйных работ на аб’екце гісторыка-культурнай каштоўнасці (артыкулы 115, 116, 117, 118, 119 Кодэкса аб культуры).

Дом на Вялікай Траецкай, 47 знаходзіцца на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці, межы якой былі ўсталяваныя яшчэ пастановай Савета Міністраў БССР ад 18.02.1988 Nr 32 і сёння адлюстраваны ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Таксама Ігар Чарняўскі дадаў, што праект зон аховы гістарычнага цэнтра Гродна ў складзе карэкціроўкі дэталёвага плана цяпер распрацоўвае БелНДІПгорадабудаўніцтва.


А што вы думаеце пра будаўніцтва ў гістарычным цэнтры? Выказвайцеся ў каментарыях і ў сацсетках!

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life