Сувенірны набор шакаладак «Пагоня побач»,  упрыгожаных выявамі герба «Пагоня» розных часоў,  з’явіўся ў  продажы 22 лютага.  Ён стаў вынікам супрацы  крамы  Symbal.by з кампаніяй «Каралева Агню груп» і кандытарскай фабрыкай «Спартак».  У сувенірную каробку запакавана 12 малочных  шакаладак  з утрыманнем какава-прадуктаў 32%. Агульная вага цукерак ва ўпакоўцы – 60 грамаў. На зваротным боку апакавання прыведзена гісторыя галоўнага  дзяржаўнага сімвала Беларусі – “Пагоні”. 

«Пагоня» — старажытны сімвал беларускіх зямель з часоў Вялікага княства Літоўскага, галоўны нацыянальны сімвал беларусаў. Як дзяржаўны сімвал упершыню з’яўляецца на пячатках князёў Альгерда (1366), Ягайлы (1386) і Вітаўта (1401). З часоў бітвы пад Грунвальдам пад харугвамі з «Пагоняй» нашыя продкі будавалі і абаранялі сваю зямлю. Герб «Пагоня» стаіць на тытульным лісце Статута ВКЛ (1588). Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння ВКЛ да Расійскай імперыі «Пагоня» па-ранейшаму заставалася сімвалам беларусаў. Пад знакам «Пагоня» у 1918 годзе была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка.

«Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг для беларускіх дыяспар сталі сімваламі Бацькаўшчыны. У 1991 годзе герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг сталі  дзяржаўнымі сімваламі Рэспублікі Беларусь. Герб «Пагоня» ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

Знайсці салодкую “Пагоню побач” можна тут.