На носе ўжо вясна, а палі з непрыбранай кукурузай стаялі ў Слонімскім раёне амаль да канца зімы. Такую карціну назіралі жыхары вёскі Русакова, у прыватнасці Святлана Лагвінюк, піша “Газета Слонімская”.
Жанчына распавяла, што мясцоваму фермеру выдзелілі каля двухсот гектараў зямлі, якая проста безгаспадарная стаіць, а ў некаторых месцах і зусім зарастае быльнікам.
– Ён засеяў гэтыя палі кукурузай, толькі незразумела для чаго. Бо збіраць ураджай ён нават і не збіраўся, а чакаў, пакуль кукуруза згніе. Незразумела, навошта трэба было браць у дзяржавы такі вялікі кавалак зямлі, гадаваць кукурузу і чакаць, пакуль яна згніе, бо колькі жывёл на фермах можна было б накарміць. На гэтым полі нават цюкі сена стаяць счарнелыя з мінулага года. Вось такі ў нас парадак на дзяржаўных палях, – здзіўляецца Святлана.
Жанчына абураецца. Раней яна сама прасіла ў мясцовай улады для сябе кавалак зямлі, але ёй у гэтым адмовілі. Святлана таксама расказала, што непарадак на гэтым полі адбываецца ўжо не першы год.
Незразумелым застаецца і іншае: навошта браць вялікі надзел зямлі, засейваць яго, а ўраджай даводзіць да непрыдатнага стану? Сьвятлана здзіўляецца, да чаго такая негаспадарлівасьць .
Сам арандатар зямлі ад каментароў адмовіўся, спаслаўшыся толькі на тое, што аддаваць за бесцань кукурузу ў калгасы не збіраецца.

«Газета Слонімская» ў 2016 годзе пісала пра падобную сітуацыю на гэтым полі. Тады фермер Малевіч пракаментаваў яе так:
– Якія да мяне пытанні?! Гэта маё асабістае, а не ваша. Ні адзін я не прыбраў: яшчэ не ўсе сельгаспрадпрыемствы кукурузу прыбралі, а што вы ад мяне хочаце? У гэтым я не бачу ніякага страху. Нам умовы надвор’я не дазваляюць прыбіраць ураджай. Мне грошай ніхто не дае ні на насенне, ні на што. І за ўборку ніхто людзям не плаціць. Так што якія ёсць пытанні?


