Пакуль бюст Чапаева на рэстаўрацыі, у папулярным гродзенскім пабліку Вконтакте паказалі, як бы на месцы героя Грамадзянскай вайны ў Расіі мог выглядаць помнік беларускаму паэту Міхасю Васільку, у гонар якога названая сёння вуліца.
Працы па дэмантажы бюста Чапаеву пачаліся ў панядзелак, 18 лютага. Дзеянні рабочых не засталіся па-за ўвагай гараджан. Гродзенцы актыўна цікавіліся лёсам помніка Чапаеву.
Бюст героя Грамадзянскай вайны ў Расіі быў усталяваны ў Гродне ў 60-х гадах. Гэта яго першая рэканструкцыя. Яна прымеркавана да 75-годдзя Гродзенскай вобласці.
Вядома, сам Чапаеў ніколі не быў ні ў Гродне, ні ў Беларусі. Па адной з версій, якую распавядаў краязнаўца Віктар Саяпін, бюст Чапаева трапіў у Гродна выпадкова: яго перадалі «у нагрузку» разам з будаўнічымі матэрыяламі з украінскага камбіната.У савецкі час была ў Гродне і вуліца Чапаева, але ў 1994 годзе з набыццём незалежнасці Беларусі, яе перайменавалі ў гонар беларускага паэта Міхася Васілька, які жыў на ёй. Помнік Чапаеву пры тым застаўся на месцы.
Хто такі Міхась Васілёк?
Міхась Васілёк нарадзіўся 14 лістапада 1905 г. у вёсцы Баброўня, што пад Гродна. Яго сапраўднае імя Міхаіл Касцевіч. У міжваенны час быў арганізатарам гурткоў Таварыства Беларускай Школы і членам Беларускай сялянска-работніцкай грамады, за што не раз аказваўся у турме. У верасні 1939 г. з пачаткам Другой сусветнай вайны быў мабілізаваны ў войска польскае. Трапіў у нацысцкі палон, а пазней у канцлагер, дзе пазнаёміўся з Янкам Брылём. У жніўні 1941 г. уцёк і далучыўся да падпольнага руху ды выступаў у друку пад псеўданімам Язэп Гром. Пазней працаваў у газеце «Чырвоны сцяг» і «Гродзенская праўда». У 1945 г. стаў членам саюза пісьменнікаў СССР. Памёр 3 верасня 1960 г. у Гродна. Быў пахаваны на праваслаўных могілках, куды ў апошні шлях яго правялі тысячы гродзенцаў. Пасля смерці была выдадзеная кніга паэзіі «Зоры над Нёманам». Сама паэзія прысвечана цяжкаму лёсу нацый у XX ст.
Цікавы факт, ягоным дзядзькам быў Макар Краўцоў - дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху. Аўтар слоў гімна БНР «Мы выйдзем шчыльнымі радамі"/"Ваяцкі Марш».