Скандал разгарэўся ў папулярнай гродзенскай інтэлектуальнай гульні «Мазгабойня». Некаторыя ўдзельнікі абвінавацілі пераможцаў апошняй гульні, у тым ліку папулярнага блогера Вадзімаці, у падмане. Сітуацыю пракаментавалі арганізатары.
У афіцыйнай суполцы «Мазгабойня» ў ВК актыўныя ўдзельнікі гульні намякнулі камандзе «Хейтары», што тыя маглі выйграць дзякуючы таму, што гулялі ў другі дзень. Нібыта, яны маглі атрымаць адказы ад тых, хто гуляў на дзень раней. Рэч у тым, што гульня настолькі папулярная, што яе даводзіцца дзяліць на два дні - занадта шмат ахвочых.
Пост пра перамогу «Хейтараў» сабраў больш за 100 каментароў. Вось некаторыя з іх.
Таццяна Мінаш:
Неяк падазрона хейтары гуляюць. Калі ў другі дзень гульні, то часта першыя, а як у першы — то і ў першую 10ку не трапляюць.
Павел Кулік:
Таццяна, таксама звярнуў на гэта ўвагу. Заўсёды стараемся на першы дзень рэгістравацца, але ўжо як атрымліваецца …
Iron Game:
Таццяна, глупства пішыце. Мы заўсёды гуляем у другі дзень гульні. Бо па аўторках асабіста я не магу. І хлопцы, дзякуй ім за гэта, ідуць на сустрэчу. Мінулую агульную гульню мы гулялі гэтак жа ў другі дзень. І былі 18. Не трэба зайздросціць. Шукайце праблемы ў сабе.
Вадзім Ермашук:
Таццяна, паглядзіце вынікі выбараў ўважлівей мінулага сезону))) і менш жоўці, жыццё цудоўнае) пераможцаў не судзяць))
«Пасткі» для чытараў
Сітуацыю пракаментаваў арганізатар «Мазгабойні» ў Гродне Уладзіслаў Осіпкаў.
«Нашы гульні ў Гродне праходзяць ужо даўно і паколькі ахвотных вельмі шмат, мы праводзім некалькі гульняў на працягу двух дзён. Пытанні заўсёды аднолькавыя. Што тычыцца «зліваў» адказаў з першага дня на другі, то перыядычна гэтая тэма падымаецца ў нас у каментарах, у асноўным калі якая-небудзь новая каманда выйграе.
Наша пазіцыя заўсёды адна: не ўзяў за руку — не кажы: злодзей. У нас няма доказаў, што каманда «Хейтары» нешта зрабіла несумленна. Таму выкрыць іх мы ні ў чым не можам. Калі ў кагосьці ёсць доказы, што ім «злілі» адказы, тады будзе іншая размова.
Часам мы робім «пасткі» на другі дзень гульні. І ў апошняй гульні была такая пастка, але ў яе ніхто не трапіўся".
Выразнага вектара няма
Прагледзеўшы турнірныя табліцы «Мазгабойні» за апошні час, можна зрабіць наступныя высновы:
— З пачатку 2019 года каманда «Хейтары» гуляе выключна на другі дзень гульні.
— За апошнія тры месяцы першыя месцы каманда займала толькі двойчы і абодва разы ў дзве апошнія гульні.
— Выразнага вэктару ў турнірнай табліцы ў каманды прасачыць нельга: «Хейтары» апыналіся то ў сярэдзіне, то адразу пасля лідарскіх пазіцый.
Аднак, за апошнія праведзеныя гульні быў толькі адзін выпадак, калі каманда гуляла ў першы дзень. І менавіта ў гэтую гульню «Хейтары» занялі перадапошняе месца.
Варта памятаць, што арганізатары не забараняюць мяняць склад каманды, і на вынікі гульні можа ўплываць мноства фактараў. Адзіны спосаб пазбегнуць верагоднасці «зліву» адказаў - праводзіць гульні ў адзін дзень, а не ў два.
Даведка
Мазгабойня — папулярны ў многіх гарадах квіз (ад англ. Quiz — віктарына). У Гродне гэтая інтэлектуальная гульня на логіку, кемлівасць і кругагляд праходзіць ужо некалькі гадоў.