Гродзенскіх студэнтаў запрасілі на богаслужэнні ў праваслаўны і каталіцкі храмы гораду. У рамках святкавання гадавіны ўніверсітэту, як піша адзін тэлеграм-канал, прадстаўнікоў факультэтаў папрасілі «забяспечыць» па 5−7 чалавек. Ва ўніверсітэце кажуць, што ніякага прымусу не было, усё добраахвотна, піша «Радыё С**бода».

Прадстаўнік моладзевага парламента пры Гродзенскім абласным савеце дэпутатаў, студэнт Гродзенскага ўніверсітэту Кірыл Саковіч на сваёй старонцы сацыяльнай сеткі «УКантакце» запрасіў студэнтаў свайго ВНУ на малебны ў галоўныя храмы гораду: Свята-Пакроўскі сабор і Фарны касцёл 20 і 22 лютага.

«Калі ў каго будзе жаданне, то можаце схадзіць», — напісаў ён і дадаў: «Прашу вас… забяспечыць ад факультэта прадстаўніцтва ў колькасці 5−7 чалавек».

Гэты запіс для сяброў стаў публічным пасля рэпосту студэнтам Іллём Папенюком. Але пазней той яго выдаліў.

У Гродне папрасілі забяспечыць прысутнасць студэнтаў на службах у царкве і касцёле

Універсітэт: прымусу не было

Намесніца начальніка цэнтру сувязяў з грамадскасцю Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы Вольга Кішкель патлумачыла, што студэнтаў і выкладчыкаў сапраўды запрашалі на малебны. Яны праводзяцца ў межах праграмы святкавання 79-годдзя ўніверсітэту.

«Паверце, гэта ўсё добраахвотна. Ніхто не павінен справаздачыцца. Ён (Кірыл) толькі запрашае», — адзначыла Вольга Кішкель.

На пытанне, ці малебны замовілі супрацоўнікі ўніверсітэту і падчас іх будуць маліцца за студэнтаў і выкладчыкаў, Вольга Кішкель адказала:

«Думаю, так. У нас ёсць праграма супрацоўніцтва [з цэрквамі]. У нас ёсць цэлая праграма мерапрыемстваў, у межах якой мы сёлета ўключылі і малебны».