На планёрцы ў старшыні гарвыканкама Мечыслава Гоя абмяркоўвалі бяспеку ў дзіцячых садках і школах, піша «Вячэрні Гродна».

Пасля трагедыі ў Стоўбцах на гэта звяртаецца асаблівая ўвага. Начальнік аддзела адукацыі гарвыканкама Андрэй Семанчык далажыў, што ўсе дзіцячыя сады і школы абсталяваны трывожнымі кнопкамі, устаноўлена звыш 650 відэакамер для назірання. У шасці школах функцыянуюць электронныя турнікеты з СМС-абвесткай — бацькі атрымліваюць паведамленне пасля таго, як дзіця ўвайшло або пакінула сцены школы. У астатніх установах ёсць вахцёры.

Усе дзіцячыя сады горада абсталяваны кодавымі замкамі, каб унутр не заходзілі староннія. Працягваецца ўстаноўка сістэмы супрацьпажарнай бяспекі «Маланка».

Мечыслаў Гой даручыў надаць увагу не толькі тэхнічнаму аснашчэнню школ і дзіцячых садоў, але і працы псіхолагаў з дзецьмі.

Усяго ў горадзе 141 ўстанова дашкольнай і сярэдняй адукацыі, у якіх вучацца і выхоўваюцца больш за 60 тысяч юных гродзенцаў.