Маскарон у выглядзе анёла з крыламі з’явіўся на ўязной браме Старога замка 17 лютага. Хутка на аб’екце пачнецца ўстаноўка і іншых мастацкіх элементаў.
Гродзенскае прадпрыемства «Будоўля» ў сярэдзіне снежня мінулага года выйграла тэндар па вытворчасці і мантажы каменных элементаў на Старым замку. За рэалізацыю праекта ўзялося адно з падраздзяленняў прадпрыемства — камнеапрацоўчы завод. Там адмыслова была створана брыгада з высокакваліфікаваных спецыялістаў.
«Да нядаўняга часу мы вешалі карнізы, а ў нядзелю павесілі на браму анёла, — распавядае дырэктар „Будоўлі“ Павел Бузук. — На прадпрыемстве цяпер вырабляем чарговыя карнізы. Важна не затрымліваць будаўнікоў і таму паралельна з імі робяцца ўсе нашы вырабы. У бліжэйшы час прыступім да вонкавай аркі ўязной брамы. Там будуць тры гербы».
Эскізны праект рэканструкцыі распрацаваў мінскі архітэктар Уладзімір Бачкоў, які ў 80−90-я гады мінулага стагоддзя займаўся перадпраектнымі даследаваннямі. Па ходзе першай чаргі рэканструкцыі (брама-вежа і сцяна над Нёманам) праект Бачкова мяняўся і дапрацоўваўся.