У міліцыю ад лекара «хуткай дапамогі» паступіла паведамленне, што з трэцяга паверха дома па вуліцы Агінскага, 33 выпаў 26-гадовы мясцовы жыхар. Пацярпелага даставілі ў рэанімацыю. Малады чалавек жывы, у яго адкрытая чэрапна-мазгавая траўма, паведамляе міліцыя. Выпадак адбыўся 17 лютага.

У гэтым доме хлопец пражываў у арэнднай кватэры разам са стрыечным братам і кватаранткай. На выходных дома нікога не было. Усе прыехалі ў нядзелю. Як растлумачылі жыхары, малады чалавек знаходзіўся ў нецвярозым стане. Спіртным ён не злоўжываў, таму ўсе былі здзіўлены і адправілі яго спаць у пакой. Праз нейкі час брат і дзяўчына пачулі стук дзвярэй балкона. Зайшоўшы ў пакой, хлопца там не ўбачылі, на балконе яго таксама не было. Выглянуўшы ў акно, убачылі яго ляжалым унізе на зямлі. Следчы камітэт па гэтым факце праводзіць праверку, падчас якой будуць устаноўлены ўсе абставіны здарэння.

Таксама ўчора ў дзяжурную частку Кастрычніцкага РАУС паступіла паведамленне, што з 6-га паверха дома па вуліцы Кабяка хоча скокнуць мужчына. У міліцыю патэлефанавала жанчына, якая заўважыла мужчынскую постаць у акне. Двойчы з аконнага праёму яго здымалі знаёмыя, у гасцях у кватэры якіх ён знаходзіўся. А калі прыехалі супрацоўнікі МНС, мужчына сам слёз з вакна і схаваўся ў пад’ездзе, дзе яго і знайшлі праваахоўнікі. Устаноўлена, што мужчына пражывае ў Шчучыне, у абласны цэнтр прыехаў у госці да маці. У цяперашні час ён змешчаны ў УАЗ «Псіхіятрыя-наркалогія». Праводзіцца праверка.