Спачатку фірма з падмаскоўнай Балашыхі некалькі гадоў закупляла малочку ад гродзенскіх прадпрыемстваў, а потым абвясціла аб банкруцтве, піша «Вячэрні Гродна».
Як паведамляе Камітэт дзяржкантролю, камерцыйнае прадпрыемства, зарэгістраванае ў Падмаскоўі, шчыльна супрацоўнічала з беларускімі «малочнікамі», у прыватнасці з Дзятлаўскім сыраробным заводам і ваўкавыскім «Беллактам». Прадукцыю расійская фірма закупляла, каб у далейшым рэалізоўваць яе ў Расіі пад сваёй гандлёвай маркай.
У чэрвені 2018 расейцы ў чарговы раз атрымалі партыю малочнай прадукцыі, аднак дырэктар фірмы не разлічыўся з пастаўшчыкамі, з дня ў дзень абяцаючы пагасіць даўгі. Тым не менш, беларускія прадпрыемствы працягнулі адпускаць малочную прадукцыю без аплаты, а адно з іх — з перавышэннем устаноўленага страхавым дамовай ліміту. У выніку агульная запазычанасць кампаніі перад вытворцамі з Гродзенскай вобласці склала 12 млн расійскіх рублёў (180 тыс. даляраў).
— Перамовы па пытанні вяртання даўгоў не прынеслі выніку — дырэктар расійскай фірмы не спяшаўся выконваць свае абяцанні. У жніўні 2018 года камерцыйнае прадпрыемства нечакана для сваіх партнёраў абвесьціла пра ліквідацыю, а крыху пазней — пра банкруцтва, — дадалі ў ведамстве.
У студзені 2019 года пракуратурай Дзятлаўскага раёна ў дачыненні да дырэктара была ўзбуджаная крымінальная справа па ч.4 арт.209 КК РБ. Акрамя таго, дзеянні службовых асоб з беларускіх прадпрыемстваў, якія ўдзельнічалі ў здзелках, правераць на законнасць.