У суботу 16 лютага Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей ладзіць акцыю “Экскурсія за квіток”. У 12.00 у Новым Замку пройдзе экскурсія па новай часовай выставе “Сакральная спадчына Панямоння”.
Экскурсія бясплатная, наведвальнікам трэба толькі заплаціць за квіток на выставу. Кошт квіткоў на выставу – ад 2 да 4 рублёў з асобы, як у кавы ў кавярні.

У вас ёсць рэдкі шанец пабачыць у адной зале экспанаты, якія або знаходзяцца ў фондах музея ці зборах цэркваў і кляштараў, або прывезеныя з Мінска. Выстава “Сакральная спадчына Панямоння” – гэта ўнікальны збор культавых рэчаў, які прадстаўляе хрысціянскія канфесіі нашага краю.
Дзе яшчэ вы пабачыце знакамітыя партрэты Весялоўскіх з Брыгіцкага кляштара? Або ўнікальную для Беларусі карціну “Танец Смерці” XVII ст., дзе смерць танцуе з усімі, пачынаючы з Папы Рымскага і заканчваючы звычайным яўрэйскім гандляром? А таксама дахрысціянскія артэфакты, ўнікальныя археалагічныя знаходкі з праваслаўнага Гродна XII стагоддзя, беларускія народныя іконы.
Усё гэта можна ўбачыць у новым замку да 24 лютага ўключна.


