Шматдзетная маці здзейсніла самагубства, калі з сям'і забралі дзяцей

30-гадовая жанчына павесілася пасля таго, як чацвярых яе дзяцей забралі ў прытулак. Трагедыя здарылася ў вёсцы Вайкунцы Воранаўскага раёну Гродзенскай вобласці 7 лютага. 5 лютага падобная трагедыя здарылася з 32-гадовай маці траіх дзяцей з Гомельскай вобласці.

Засілілася ў дзень, калі забралі дзяцей

Тацяна Б. з мужам Андрэем гадавалі чацвярых дзяцей ва ўзросце 13, 12, 11 і 4 гады, піша «Радыё С**бода».

Па словах Андрэя, дзяцей забралі з сям'і ўдзень 7 лютага. Памерлую жонку ён знайшоў у той жа дзень увечары.

«Бацька пайшоў кабана пакарміць, ня здолеў летнюю кухню адамкнуць. Калі дзверы адчыніў, яна там вісела. Ён прыбег, мне сказаў. Я яе прыпадняў. Бацька перарэзаў вяроўку. Я выклікаў „хуткую“», — успамінае мужчына.

Аднак выратаваць Тацяну не ўдалося.

Перад смерцю Тацяна нікому не казала пра сваё рашэнне, не пакінула запіскі. Імаверна, апошняй, з кім жанчына нядоўга гаварыла па тэлефоне, была цётка.

Апошнімі словамі нябожчыцы былі: «Скончаны баль, патухлі свечкі», — пераказвае муж.

«То антысанітарыя, то лядоўня пустая… Абое пілі»

Муж і жонка працавалі на ферме: Андрэй даглядчыкам жывёлаў, Тацяна вартаўніцай.

Сямʼю паставілі на ўлік як такую, што знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы (СНС) у 2014 годзе. Тады жанчына паехала нараджаць малодшую дачку нецвярозай, патлумачыла аднавяскоўка Ганна, якая працуе ў Пагародзенскай сярэдняй школе.

Сямʼю тройчы то ставілі, то здымалі з уліку як СНС.

«То антысанітарыя, то лядоўня пустая. Яны абое патроху пастаянна пілі, абое стаялі на ўліку ў нарколага. Але не сварыліся, ня біліся», — кажа аб прычынах пастаноўкі на ўлік СНС Ганна.

Паводле яе, бацькоў перыядычна здымалі з уліку, «патуралі».

«Праца з імі праводзілася вялікая. Вырашылі забраць дзяцей, каб быў час падумаць, каб узбударажыць з гэтае нагоды, каб задумаліся, бо выпраўлення не было», — тлумачыць настаўніца.

Яна сказала, што забіраць дзяцей з сямʼі - звычайная практыка. Часта потым вяртаюць, калі бацькі хаця бы трохі выпраўляюцца. У іхнай школе такія выпадкі ўжо былі. Гэтым бацькам таксама тлумачылі, што дзяцей можна вярнуць.

«На нас моцна наехала школа»

На пытанне, чаму жонка наклала на сябе рукі, Андрэй адказвае:

«Я нічога не магу сказаць. Проста на нас у студзені моцна наехала школа, калі мы атрымалі кватэру».

Сужэнцы летась у снежні атрымалі кватэру ў Воранаве як шматдзетная сямʼя. Аднак адразу не было сродкаў, каб купіць і перавезці мэблю, таму пераезд адкладалі. У той жа час правяральнікі настойвалі, каб сямʼя пераехала хутчэй. Калі іх апошні раз з жонкай выклікалі ў школу, дамовіліся, што яны пераедуць да 14 лютага.

У мужчыны сваё бачанне, чаму забралі дзяцей. Андрэй кажа, праверкі пачасціліся ў студзені. Ён памятае, што заўвагу наконт злоўжывання жонкай алкаголем правяральнікі зрабілі толькі адзін раз, пасля Новага году, 2 студзеня. Галоўнай прэтэнзіяй, на ягоную думку, быў беспарадак дома.

Ён патлумачыў, што жонка, акрамя сваёй асноўнай працы, замяняла калегу, які трапіў у шпіталь. Таму яны часта з раніцы да позняга вечара былі на працы.

«Бывала, не паспявалі посуд памыць. Яны прыедуць — то посуд брудны, то нешта яшчэ. За гэта да нас і прычапіліся», — кажа Андрэй.

У той дзень сужэнцы абмяркоўвалі, як найхутчэй палепшыць умовы пражывання і вярнуць дзяцей дадому.

З нагоды смерці жонкі Андрэй плануе звяртацца ў пракуратуру з просьбай разабрацца, ці вінаваты нехта ў тым, што здарылася.

«Я проста так гэтага не пакіну», — кажа ён і пачынае плакаць.

Суседка: «Калі трэба дапамагчы, Тацяна першая была»

Суседка Часлава расказала, што Тацяна і Андрэй былі нармальнай вясковай сямʼёй. Што Тацяна была працавітай. Калі трэба было дапамагчы аднавяскоўцам, то яна была першай.

«Можа, і выпівалі. Цяжка сказаць, калі разам не жывеш», — каментуе жанчына.

Другая суседка, Ірына, адзначыла, што сямʼя трымала вялікую гаспадарку: тры каровы, свінні, агарод. Прадавалі сваю бульбу, здавалі малако. Каб купіць мэблю ў новую кватэру, прадалі адну карову і цяля.

«Не скажу, што яны былі прапашчыя людзі. Можа калі крыху выпівалі, але не скажу, што валяліся. Ніколі ня біліся паміж сабой, ніколі на іх міліцыю не выклікалі», — кажа Ірына.

Суседка заўважае, што яны былі прыязнымі людзьмі, гатовымі дапамагчы па гаспадарцы. Дзеці заўсёды віталіся, у школе вучыліся з сярэднімі поспехамі. Але былі дагледжаныя, адзетыя, абутыя.

Ірына згаджаецца, што хата, у якой жыла сямʼя, была старэнькай, простай, з прыбіральняй на вуліцы і вадой са студні. У хаце мог быць беспарадак. Аднак сужэнцы выпраўлялі недахопы, якія ім закідалі: клеілі шпалеры, фарбавалі сцены.

Дзяцей адпусцілі на пахаванне

Тацяну пахавалі 9 лютага. На пахаванне дазволілі прыехаць дзецям.

«Дзеці, вядома, плакалі. Не перадаць словамі іхны стан», — кажа Ірына.

Тацяна і Андрэй рэгулярна хадзілі ў касцёл. Святар, нягледзячы на самагубства, дазволіў унесці труну ў храм, маліўся за нябожчыцу.

Цяпер дзеці знаходзяцца ў Радунскім сацыяльна-педагагічным цэнтры. Бацька плануе пераехаць у новую кватэру, знайсці працу ў Воранаве і як мага хутчэй забраць дзяцей.

Дырэктар школы: «Каментароў не даю»

Дырэктарка Пагародзенскай сярэдняй школы, дзе вучацца дзеці нябожчыцы, Галіна Талайкоўская, адмовілася ад каментароў.

Галіна Талайкоўская, фота з афіцыйнага сайту школы
«У першую чаргу я дбаю аб правах непаўналетніх. Па-другое, вядзецца следства. У мэтах невыдавання я ніякіх каментароў пра гэта не даю», -сказала Галіна Талайкоўская.

У той жа час яна пракамэнтавала сітуацыю для «Воранаўскай газеты».

«У поле зроку калектыву нашай школы гэтая сямʼя трапіла ў жніўні 2014 году ў сувязі з выяўленнем фактаў спажывання бацькамі алкагольных напояў, невыканання рэкамендацый медыцынскіх работнікаў па выніках медаглядаў дзяцей-школьнікаў. Пры наведванні сямʼі ў хаце неаднаразова выяўляліся выпадкі адсутнасці прадуктаў і прыгатаванай ежы, дзіцячага адзення па сезоне і ўзросце. Не выконваліся захады пажарнай бяспекі. У доме стаяў смурод, было брудна і холадна».

Атрымаць каментар у аддзеле адукацыі Воранаўскага райвыканкаму не атрымалася.

СК: праводзіцца праверка

Афіцыйны прадстаўнік УСК Гродзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч сказаў, што праводзіцца праверка па факце смерці жыхаркі Воранаўскага раёну.

«Каб вызначыць прычыну смерці, у гэты момант прызначана судова-медыцынская экспертыза. Усе акалічнасці будуць высветленыя падчас правядзення праверачных і працэсуальных дзеянняў. Папярэднія дадзеныя сведчаць, што смерць жанчыны ня носіць крымінальнага характару», — растлумачыў Шаршаневіч.

Падзяліцца
Меткі: дзецісям'я

Апошнія запісы

Супрацоўнікаў «Гродна Азот» працягваюць судзіць за распаўсюд экстрэмізму

Завадчане працягваюць прыцягвацца па артыкуле 19.11 КаАП. Гэта нягледзячы на неаднаразовыя заклікі перагледзець свае сацыяльныя…

23 снежня 2024

«Самі-ведаеце-хто». Гродзенцаў Георгія Роя і Аліну Коўшык цяпер нельга называць

23 снежня ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў унеслі акаўнты ў Facebook і візуальны матэрыял гродзенцаў…

23 снежня 2024

Яшчэ адзін папулярны гродзенскі партал прызналі экстрэмісцкім

Сайт і сацсеткі сайта Grodno.in прызналі экстрэмісцкімі. Так вырашыў суд Ленінскага раёна Гродна 20 снежня.…

23 снежня 2024

Новыя суддзі, суд за салідарнасць, 36 «пікетаў». Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці

Новыя суддзі з'явіліся ў Гродне і вобласці па ўказе Лукашэнкі. Жыхара Навагрудка судзяць за атрыманне…

23 снежня 2024

У цэнтры Гродна прадаюць атмасферную кавярню — у камплекце ідзе кавамашына за $ 18 000

На пляцоўцы «Куфар» з'явілася аб'ява аб продажы гродзенскай кавярні «Чашки&ложки». Установа ўжо чатыры гады працуе…

23 снежня 2024

Для былой адміністрацыі на Савецкай шукаюць арандатараў - там прапануюць адкрыць салон прыгажосці

Аб'явы аб здачы памяшканняў у арэнду з'явіліся ў Instagram-акаўнце royal.grodno і на “Куфары”. У аб'явах…

23 снежня 2024