Эпідэміялагічную сітуацыю па захворванні на вострыя рэспіраторныя інфекцыі ў абласным цэнтры спецыялісты адсочваюць штодня. Як сведчыць статыстыка, апошнія некалькі гадоў нязначны ўздым захворвання фіксуецца пачынаючы з кастрычніка, а вось яго пік прыпадае на люты. Афіцыйна зафіксаваны выпадак грыпу ў Гродне ўжо ёсць, паведамляе «Гродна Плюс».
Зараз колькасць тых, хто звярнуўся ў паліклінікі па дапамогу, вышэйшая, чым у студзені, найбольш напружаная абстаноўка склалася ў дзіцячых паліклініках. Узровень пад’ёму сезонных захворванняў не перавышае паказчыкі мінулага года.
— Часцей за ўсё хварэюць дзеці, у асноўным гэта дзеці школьнага ўзросту. Удзельная вага хворых дзяцей склала каля 75% ад ліку тых, хто звярнуўся па медыцынскую дапамогу ў паліклінікі горада, — кажа Ірына Тупік, намеснік галоўнага ўрача Гродзенскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.
Нягледзячы на гэтую статыстыку, у цэлым сітуацыя ў школах і садках у плане наведвальнасці стабільная. Падстаў аб’яўляць каранцін — няма. Да таго ж, для зніжэння захворвання на ВРІ ва ўстановах адукацыі праводзяць дадатковае ветранне і дэзінфекцыю памяшканняў. Паралельна сезоннага ўздыму на вострыя рэспіраторныя інфекцыі, адзначаецца і рост захворванняў, выкліканых кішачнымі вірусамі.
— Пераважна выпадкі рэспіраторных захворванняў звязаны з цыркуляцыяй не грыпозных рэспіраторных вірусаў. Лабараторна пацверджана цыркуляцыя адэнавірусу і ў адным выпадку, пры лабараторным абследаванні пацыента быў выяўлены вірус грыпу AH1N1, — кажа Ірына Тупік.
У сувязі з гэтым спецыялісты нагадваюць пра неабходнасць выконваць так званы «рэспіраторны» этыкет і па магчымасці пазбягаць месцаў з вялікай колькасцю людзей.