Апошнія гады музей Васіля Быкава на вуліцы Савецкай перажываў не лепшыя часы з-за адсутнасці спонсараў. У пачатку 2019 года стала вядома, што ён зачыняецца, а багатая экспазіцыя пераязджае ў музей Максіма Багдановіча.

Музей праіснаваў каля 20 гадоў, ён знаходзіўся ў пакоі плошчай 15 квадратных метраў на вуліцы Савецкай. Гараджане ў музеі бывалі рэдка, бо пра яго амаль ніхто не ведаў і папулярызацыяй ніхто не займаўся. А паглядзець там было на что: вялікая калекцыя кніг Быкава, асабістыя рэчы пісьменніка, рэдкія здымкі і іншае.

«Трапіць у музей ужо нельга, мы зачыніліся, — распавядае былы бухгалтар музея Яўгенія Багданава. — Усю экспазіцыю перавозім у музей Максіма Багдановіча. Захварэў наш наглядчык, ляжыць. Плаціць арэнду і камунальныя паслугі нам проста не было чым. Дзяржава не дапамагала, у месяц у нас выходзіла 90 рублёў. Мы хадзілі ў выканкамы па дапамогу, але нічога не дамагліся».

Адзін з экспанатаў былога музея Васіля Быкава ў Гродне
Плануецца, што ў музеі Максіма Багдановіча экспазіцыя прысвечаная Васілю Быкаву адкрыецца вясной.

Вядомы беларускі пісьменнік Васіль Быкаў пражыў у Гродне больш за 20 гадоў і напісаў тут шмат твораў, якія чытаюць і шануюць ва ўсім свеце.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life