У міністэрстве аховы здароўя Беларусі паабяцалі паскорыць падрыхтоўку нарматыўных актаў для таго, каб кабеты, у якіх ёсць праблемы з апладненнем, змаглі прайсці першае ЭКА задарма. Пра гэта паведаміў міністр аховы здароўя Валер Малашка.
На сённяшні дзень у Беларусі не прадугледжана дармовага экстракарпаральнага апладнення. Парам, якія хочуць займець дзяцей, даводзіцца збіраць грошы на гэтую нятанную працэдуру ці браць крэдыт «Беларусбанка» з камісіяй у памеры 50% стаўкі рэфінансавання (зараз стаўка складае 10% гадавых). Калі спроба сталася няўдалай, пары ўсё адно даводзіцца гасіць крэдыт і зноў збіраць грошы на ЭКА — для некаторых гэта адзіны шанец стаць бацькамі, піша telegraf.by.
Як заявіў Валер Малашка на калегіі Мінздароўя, падрыхтоўку нарматыўных актаў для правядзення першага ЭКА на бюджэтнай аснове паскораць, атрымаўшы згоду ўрада. Каб кабеты, у якіх дыягнаставалі бясплоднасць, змаглі прайсці першую працэдуру экстракарпаральнага апладнення задарма, скарыстаюць эканомію бюджэтных сродкаў пры правядзенні дзяржзакупу.
Да працы плануюць прыцягнуць і камерцыйныя медцэнтры.
Як цяпер
Кошт ЭКА залежыць ад прэпаратаў, якія будуць ужываць, і медцэнтра. Сярэдні кошт у мінскім РНПЦ «Маці і дзіцё» з улікам медыкаментаў і расходнага матэрыялу — каля 4 тысяч рублёў. У прыватных цэнтрах адна спроба ЭКА каштуе болей.
У Гродне ЭКА не робяць, можна толькі атрымаць кансультацыю. Па лекаванне гродзенкі найчасцей едуць у Мінск і ў Беласток. У Польшчы кошт працэдуры істотна ніжэй, але паводле закону яе не робяць самотным кабетам без пары.