Велакавярню «вike cup» запусцілі гродзенцы Ягор і Аляксей. З 1 лютага яна працуе ў гандлёвым доме «Нёман». З пацяпленнем хлопцы плануюць выязджаць на вуліцы горада і на розныя фестывалі.
Кажуць, першыя велакавярні з’явіліся ў Нідэрландах. Гродзенцы падгледзелі ідэю ў Італіі.
«Я адпачываў у адным з гарадоў Італіі і ўбачыў велакавярню, якая ехала па вуліцы. Ідэя мне спадабалася, прапанаваў сябру зрабіць нешта падобнае ў Гродне», — кажа Аляксей. Гэта заняла ў гродзенцаў 1,5 месяца.
«Мы спецыяльна заказвалі мэблю, а астатняе — раму і дэталі ад ровара — рабілі самі. Праект абыйшоўся ў прыстойную суму, — распавядаюць хлопцы. — Пра франшызу пакуль не думаем, хочам самі папрацаваць. Мы — аматары кавы, гэты праект запусцілі для сябе і іншых людзей. Хочам прыходзіць на працу і атрымліваць задавальненне».
У Беларусі ўжо ёсць некалькі падобных праектаў, але не ўсе яны мабільныя. Гродзенцы ў летні перыяд плануюць выязджаць на вуліцы горада. З гэтай нагоды яны цяпер вядуць перамовы з гарвыканкамам.«Гэта працаёмкі працэс, бо навінка для горада. Але ў нас ёсць вялікае жаданне выехаць на вуліцы Гродна і на фестывалі. У халодную пару плануем пастаянна знаходзіцца ў гандлёвым доме «Нёман», — распавялі хлопцы.