30 студзеня ў гарадзенскім гарвыканкаме прайшло грамадскае абмеркаванне забудовы па вуліцы Замкавай. Замоўца — ЗТАА «ДТ-груп» (г. Вільня), выканаўца — праектная арганізацыя «ВКЛ-праект» (Гродна). Тэмай абмеркавання быў ўплыў новай забудовы на навакольнае асяроддзе. Зялёную зону на Замкавай абяцаюць «кампенсаваць» пасадкамі каля помніка Сакалоўскаму.

Тры будынкі плануюць пабудаваць у рамках праекта рэгенерацыі гістарычнага цэнтра, у тых жа межах, дзе яны былі раней. Цяпер на гэтым месцы сквер, ад якога пакінуць пяць дрэваў, а 10 ссякуць. Першы намеснік старшыні гарвыканкама Андрэй Вацлававіч Жук лічыць, што зараз гэты сквер не карыстаецца папулярнасцю гараджанаў.

Кампенсаваць страту зялёнай зоны ў цэнтры горада гарвыканкам абяцае, пасадзіўшы 18 дрэваў у іншым месцы — каля помніка Сакалоўскаму. Там, паміж дамамі па Савецкай 6 і 8, вуліцай Дамініканскай і корпусам ГрДУ пасля зносу гаражоў плануюць закласці новы сквер.

«Хочам пацешыць гараджанаў індывідуальным, цікавым падыходам у часткі высадкі расліннасці, зрабіць там нейкую разыначку,» — падзяліўся Андрэй Вацлававіч Жук.

Каля саміх жа новых будынкаў 25% пляцоўкі аддадуць пад абзеляненне. Паводле слоў забудоўшчыка, для прыгажосці аб’екта будуць высаджаны дрэвы, але колькі і якіх, ён адказаць не змог. Вызначыцца з гэтым замоўца плануе пасля завяршэння археалагічнай экспертызы.


Сквер за «тэкстылямі» перажывае апошнюю восень: там пабудуюць офісны цэнтр. Што думаюць гродзенцы?