30 студзеня ў гарадзенскім гарвыканкаме прайшло грамадскае абмеркаванне забудовы па вуліцы Замкавай. Замоўца – ЗТАА “ДТ-груп” (г. Вільня), выканаўца – праектная арганізацыя “ВКЛ-праект” (Гродна). Тэмай абмеркавання быў ўплыў новай забудовы на навакольнае асяроддзе. Зялёную зону на Замкавай абяцаюць “кампенсаваць” пасадкамі каля помніка Сакалоўскаму.
Тры будынкі плануюць пабудаваць у рамках праекта рэгенерацыі гістарычнага цэнтра, у тых жа межах, дзе яны былі раней. Цяпер на гэтым месцы сквер, ад якога пакінуць пяць дрэваў, а 10 ссякуць. Першы намеснік старшыні гарвыканкама Андрэй Вацлававіч Жук лічыць, што зараз гэты сквер не карыстаецца папулярнасцю гараджанаў.
Кампенсаваць страту зялёнай зоны ў цэнтры горада гарвыканкам абяцае, пасадзіўшы 18 дрэваў у іншым месцы – каля помніка Сакалоўскаму. Там, паміж дамамі па Савецкай 6 і 8, вуліцай Дамініканскай і корпусам ГрДУ пасля зносу гаражоў плануюць закласці новы сквер.
“Хочам пацешыць гараджанаў індывідуальным, цікавым падыходам у часткі высадкі расліннасці, зрабіць там нейкую разыначку,” – падзяліўся Андрэй Вацлававіч Жук.
Каля саміх жа новых будынкаў 25% пляцоўкі аддадуць пад абзеляненне. Паводле слоў забудоўшчыка, для прыгажосці аб’екта будуць высаджаны дрэвы, але колькі і якіх, ён адказаць не змог. Вызначыцца з гэтым замоўца плануе пасля завяршэння археалагічнай экспертызы.
https://hrodna.life/articles/skver-za-tekstyilyami-by/


