У мінулую пятніцу, 25 студзеня, каля Гродна перавярнуўся мікрааўтобус з людзьмі. Вядома, што пасажырскі ГАЗ накіроўваўся ў горад з боку базы адпачынку “Прывал”. У скрыжавання ля АЗС мікрааўтобус занесла ў правы кювет і ГАЗ лёг на бок. Чытач АўтаГродна Ілля праязджаў міма літаральна праз некалькі хвілін пасля перавароту. Ён паспяшаўся на дапамогу людзям, а рэгістратар з аўтамабіля засняў наступствы.

– Калі я выйшаў з машыны, асфальт быў настолькі слізкім, што я ледзь не ўпаў, – казаў Ілля.

На заснежанай абочыне заўважны сляды ад шын мікрааўтобуса. Не выключана, што перад ім хтосьці затармазіў, а кіроўца ГАЗа пазбягаў ДТЗ.

Побач з мікрааўтобусам спыніліся іншыя легкавушкі і яшчэ адзін аўтобус. Усе відавочцы пабеглі на дапамогу.

– На шчасце, падчас перавароту ніхто не пацярпеў. Усе пасажыры дастаткова добра сябе адчувалі, хоць я і прапаноўваў выклікаць “Хуткую дапамогу”, але ніхто не пагадзіўся. Пасажыры хутка расселіся па машынах, якія спыніліся ўздоўж абочыны, і ўсе раз’ехаліся. Магчыма, усе гэтыя людзі былі знаёмыя паміж сабой, – дадаў Ілля.