З 24 студзеня Чырвоны Крыж пачаў дзяжурства каля аўтавакзала. Валанцёры гатовыя аказаць усім жадаючым першую дапамогу, а таксама сагрэць гарачай гарбатай і супамі. Дабрачынная арганізацыя нагадвае гродзенцам і пра свой канал аўтадапамогі ў дадатку «Зелло-рацыя».

«У цэнтры горада ў гэтым годзе мы сталі першы раз, раней стаялі каля школы № 18 у Дзень снегу, — распавядае рэгіянальны каардынатар па першай дапамозе і рэагаванні на надзвычайныя сітуацыі Гродзенскага Чырвонага Крыжа Валерый Краеўскі. — Усім жадаючым даем гарачы чай і супы. Людзі актыўна падыходзяць і гэта неабавязкова маламаёмасныя, былі і тыя, хто доўга стаяў на прыпынку. Паколькі тэмпература была не ніжэй -15 градусаў, палатку, якая ацяпляецца, было вырашана не ставіць».

25 студзеня валанцёры працягнуць стаяць каля аўтавакзалу. Калі тэмпература будзе паніжацца, то дзяжурствы Чырвонага крыжа працягнуцца.

Валанцёры Чырвонага Крыжа пачалі дзяжурства каля аўтавакзала і гатовыя дапамагчы гродзенцам на дарогах

Валанцёры таксама нагадваюць, што ўжо больш за два гады працуе створаны імі ў дадатку «Зелло-рацыя» канал аўтадапамогі. На дадзены момант канал налічвае больш за 500 удзельнікаў.

«У сувязі з кепскімі ўмовамі надвор’я, мы аднаўляем сваю пастаянную прысутнасць на канале і пры магчымасці будзем выязджаць на дапамогу ў межах горада і ў 10 км за яго межамі. Нагадваем, што ў канале „Аўтадапамога Гродна//Чырвоны Крыж“ можна не толькі папрасіць аб дапамозе пры няспраўнасці аўто, але і паўдзельнічаць у яе аказанні», — дадаў Валерый Краеўскі.

Інструкцыя па ўсталёўцы дадатку «Зелло-рацыя»:

1. Заходзім на сайт праграмы zello.com (Play Маркет, Apple Store)
2. Спампоўваем праграму для iPhone, Android, Windows Phone, BlackBerry або ПК
3. Усталёўваем, запускаем. Рэгіструемся (у самой праграме) і запаўняем свой профіль.
4. У кантактах ёсць робат echo — пагаварыце з ім, наладзьце мікрафон.
5. Знаходзім канал «Автопомощь Гродно // Красный Крест» і падключаемся.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life