У Гродне ў першай палове 2019 года пачнецца будаўніцтва новай гарадской кальцавой магістралі. Пра гэта на сустрэчы з жыхарамі Альшанкі 24 студзеня паведаміў старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой, перадае БЕЛТА.

Першая чарга другога гарадскога кальца прадугледжвае будаўніцтва новай дарогі ад вуліцы Паўднёвай да трасы М6 Мінск — Гродна. Для гэтага пад аўтамабільны будзе рэканструяваны чыгуначны мост праз Нёман, які не выкарыстоўваецца.

«Работы плануецца пачаць у першай палове 2019 года. Праект ужо гатовы, прайшоў неабходныя экспертызы, вызначаны крыніцы фінансавання. Працы пачнуцца ў першым паўгоддзі, арыентыровачна вясной», — адзначыў Мечыслаў Гой.

Ён падкрэсліў, што на другім этапе новая гарадская магістраль праз вуліцу Карскага выйдзе да новага жылога раёну Грандзічы на ​​поўначы Гродна. Яго забудова пачалася ў 2018 годзе, да красавіка 2019 года тут будуць здадзены першыя жылыя дамы. Далей, як прадугледжвае генплан развіцця Гродна, магістраль пройдзе ў раён цяперашняга камбіната будаўнічых матэрыялаў, тут з’явіцца яшчэ адзін мост праз Нёман. Далей, праз раёны Ласосна і Альшанку, магістраль зноў выйдзе да вуліцы Паўднёвай.


Вучымся на памылках. Як будзе выглядаць новы мікрараён — Грандзічы


Мечыслаў Гой адзначыў, што у 2019 годзе ўвага будзе нададзена і іншым участкам дарожнай сеткі горада. У прыватнасці, запланаваны рамонты мастоў праз Нёман, ёсць планы па стварэнні транспартнай развязкі ў раёне гандлёва-забаўляльнага цэнтра «Трыніці» на праспекце Янкі Купалы, пашырэнні існуючых тут дарог.


Рэканструкцыя аўтапарка, новыя маршруты і раёны: як будзе развівацца Гродна