Аляксей Шчадроў, вядомы як «брат Луіджы», едзе ў Гродна, каб дапамагчы бяздомным. Валанцёр плануе за бліжэйшыя выхадныя знайсці кухню, дзе можна будзе гатаваць ежу і раздаваць тым, хто мае ў гэтым патрэбу.

У вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёна Аляксей Шчадроў ужо больш за сем гадоў дапамагае абяздоленым: ён арганізаваў там прытулак, куды забірае тых, ад каго адмовілася грамадства. Пастаяльцаў знаходзіць на сметніках, у каналізацыйных люках, на могілках і ў падземных пераходах.

«Сёння мы шукаем памяшканне ў Гродне, дзе можна было б гатаваць і раздаваць ежу, — распавядае Аляксей. — Сваю сталовую мы хочам адкрыць толькі на выхадныя, для гэтага нам патрэбна хоць які-небудзь пакой. Колькі будзе чалавек хадзіць на абед, я не ведаю, але ежы хопіць усім. Многія бяздомныя ў Гродне не вельмі добра паміж сабой знаёмыя. Усе яны хочуць есці».

У Гродне ўжо ёсць бясплатная сталовая ад «Карытас», але працуе яна ў буднія дні. Аляксей хоча дапамагаць гродзенцам у выхадныя і святочныя дні.

«Гэта будзе не адзінкавая акцыя, мы хочам дапамагаць людзям на пастаяннай аснове. Магчыма, гарадскія ўлады будуць перашкаджаць нам, але мы людзі і павінны дапамагаць адзін аднаму. Гэта ўсё мы праходзілі, прарвемся».

Калі вы хочаце дапамагчы Аляксею, можаце звязацца з ім па нумары: +375 33 3 882 858

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life