У канцы 2018 года стала вядома, што Ганаровае консульства Украіны на вуліцы Замкавай будзе пераязджаць на вуліцу Кабяка. Звязана гэта з тым, што ўласнік будынка ў цэнтры Гродна знайшоў новых арандатараў.

З 2013 года Ганаровае консульства Украіны займала два кабінеты ў будынку на Замкавай, 7. Ганаровым консулам Украіны ў Гродне быў прызначаны вядомы бізнесмэн Валянцін Байко.

«Мы пераехалі на Кабяка, 10б у гандлёвы цэнтр „Серпантын“, бо ўласнік будынка на Замкавай папрасіў консульства вызваліць памяшканне для новага арандатара. Хтосьці вырашыў узяць цэлы будынак, а мы здымалі ўсяго два кабінеты», — распавяла Hrodna.life сакратарка консульства Вікторыя Рыжыкава.

Афіцыйна новы кабінет Ганаровага консульства на Кабяка запрацуе ў пачатку лютага. Там таксама павесяць сцяг Украіны.

За пяць гадоў працы консульства ў цэнтры горада стала сімвалічным месцам. Там у 2014 годзе вандалы намалявалі свастыку на сцяне, а ў 2016 годзе людзі масава неслі кветкі да сцяга і шыльды, калі быў забіты беларускі журналіст Павел Шарамет, які апошнія гады жыў у Кіеве.


Украінскі след у справе Шарамета? У Гродне выступіў з дакладам аўтар расследавання забойства


Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life