Ідзе бязвыплатная перадача аб’ектаў, якія не выкарыстоўваюцца, пад стварэнне працоўных месцаў, паведамляе 1prof.by са спасылкай на камітэт «Гроднааблмаёмасць».

У Шчучынскім раёне комплекс будынкаў былога ваеннага гарадка Руткевічы перадалі ў бязвыплатнае карыстанне на 2 гады турыстычнай кампаніі «ЛорыСтур». Фірма абавязалася за гэта стварыць працоўныя месцы.

У Ваўкавыскім раёне ТАА «Купецкае плюс» бясплатна перадалі 6 будынкаў, якія знаходзяцца ва ўласнасці раёна і сельгаспрадпрыемства «Ваўкавыскае». Фірма абавязалася стварыць працоўныя месцы на вытворчасці па перапрацоўцы драўніны да лютага 2024 года.

Паводле інфармацыі намесніка камітэта «Гроднааблмаёмасць» Святланы Гараднічавай, за год неабходна ўвесці ў гаспадарчы абарот 106 аб’ектаў нерухомай камунальнай уласнасці з каляндарных графікаў 2018 года, у тым ліку 90 невыкарыстоўваемых аб’ектаў камунальнай уласнасці ў Гродне і раёнах, 9 — у Гродзенскай вобласці, а таксама 68 аб’ектаў з графікаў мінулых гадоў, якія не ўдалося прадаць на аўкцыёнах з пачатковай цаной адна базавая велічыня.