Зараз беларус мае права замест пашпарта падаць кіроўчае ці службовае пасведчанне, вайсковы білет. Замежнікі і наогул змогуць рухацца транзітам без пропуску праз памежную зону ў санаторыі, дамы адпачынку і аб’екты прыдарожнага сэрвісу. Новаўвядзенні пашыраць функцыі мытнай службы, часткова надаўшы ёй паўнамоцтвы памежнікаў.
Перадача часткі функцый дазволіць вызваліць каля сотні пасад у органах памежнай службы, якія пераразмяркуюць у падраздзяленні на ўкраінскай і прыбалтыйскай дзялянках мяжы, а таксама ў Нацыянальны аэрапорт Мінск. Правядзенне ў Беларусі II Еўрапейскіх гульняў таксама будуць забяспечваць, у тым ліку, і памежнікі.
У межах памежнай палосы і зоны зараз нельга без узгаднення з памежнікамі карыстацца аптычнымі прыладамі.
Пасля выдачы беларусам біяметрычных пашпартоў з’явіцца магчымасць аўтаматызаваць памежны кантроль.
Больш дэталёвую інфармацыю пра новаўвядзенні можна даведацца на партале Дзяржпамежкамітэта, а таксама падчас знаходжання ў памежзоне ці перасячэння дзяржаўнай мяжы.
Дзяржпамежкамітэт тлумачыць, што змены ўвялі для спрашчэння парадку наведвання грамадзянамі памежнай зоны, таксама каб стварыць новыя працоўныя месцы і дадатковыя ўмовы для ўцягнення размешчаных у ёй земляў і аб’ектаў у гаспадарчы зварот. Ёсць разлік таксама павялічыць прывабнасць турыстычных аб’ектаў на прымежнай тэрыторыі.