Харвацкі выкладчык Ігор Легаз вырашыў правесці студзеньскія канікулы ў Беларусі. Ён пабываў у некалькіх беларускіх гарадах і ў канцы падарожжа заехаў у Гродна. Тут ён упершыню сустрэў людзей, якія загаварылі з ім на беларускай мове.
Для сваіх блізкіх і сяброў Ігор вырашыў зняць відэа ў Гродне. У ім ён паказаў, што харват можа без праблем зразумець беларуса і наадварот. Гродзенцаў, якія размаўляюць на беларускай мове, турыст знайшоў у крамах «Цудоуня» і «Адметнасць», «Цэнтры гарадскога жыцця» і рэдакцыі Hrodna.life.
«Усе славянскія мовы падобныя і ў гэтым я чарговы раз пераканаўся ў Гродне. Я без праблем магу зразумець беларуса», — кажа харват.Ігор родам з харвацкага Дуброўніка, але працуе выкладчыкам матэматыкі ў сярэдняй школе ў Босніі і Герцагавіне ў горадзе Мостар. На студзеньскія канікулы мужчына вырашыў чарговы раз прыехаць у Беларусь. Гэта ўжо сёмая яго паездка ў нашу краіну.
«Я люблю падарожнічаць. У Беларусі мне падабаецца, тут гасцінныя людзі. Асабліва дзяўчыны прыгожыя — найлепшыя ў свеце. Але мяне здзіўляе адзін факт: беларусы не размаўляюць на роднай мове. Толькі ў Гродне я пачуў як людзі гавораць па-беларуску. Я іх разумеў і яны мяне таксама. Менавіта таму я вырашыў зняць відэа і паказаць сваім сябрам і знаёмым, што харвацкая і беларуская мовы падобныя. Калі беларусы ў бліжэйшы час не пачнуць гаварыць на сваёй мове, яна можа знікнуць. Трэба шанаваць сваё».