Ці маем, чым пахваліцца? ІКАМОС абвяшчае конкурс паспяховых праектаў “Спадчына ў дзеянні”

Рэспубліканская грамадская арганізацыя «Беларускі камітэт ІКАМОС» абвяшчае конкурс праектаў у галіне работы з гісторыка-культурнай спадчынай, якія адбыліся ў Беларусі за апошнія пяць гадоў (2014-2018 гг.).

“Тэма, што непакоіць мяне не першы год – гэта стан абмеркавання праблем нашай спадчыны. Усё кепска, усё гарыць, а хочам як у міфічнай Еўропе. Дык вось, мне здаецца, у нас ужо ёсць чым ганарыцца. Выдатныя пректы, новыя ідэі, карацей – развіццё! Мы проста не заўважаем гэтага”, – кажа Сцяпан Стурэйка, старшыня праўлення ГА «Беларускі камітэт ІКАМОС», каардынатар конкурсу «Спадчына ў дзеянні».

Конкурс, прысвечаны выяўленню вартых рэалізаваных праектаў у абшары працы са спадчынай. Намінацый – аж 5. Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца як творчыя калектывы, так і індывідуальныя аўтары.

«Конкурсам «Спадчына ў дзеянні» мы хочам паказаць, што  Беларусі ёсць чам ганарыцца ў галіне працы са спадчынай. У нас адбываецца шмат выдатных падзей, як у рэстаўрацыі, гэтак ў творчай і грамадскай сферах. Да таго ж, важна паказаць, што грамадскасць сама здольная выяўляць і ацэньваць такія дасягненні», – распавядае Стурэйка.

Палажэнне конкурсу «Спадчына ў дзеянні»і форма заяўкі, а таксама склад журы размешчаны на сайце Беларускага камітэта ІКАМОС belarus.icomos.org. Пазней там з’явяцца кароткія апісанні праектаў, пададзеных на разгляд журы.

Старт прыёма заявак – 15 студзеня, 2019, апошні дзень падачы – 15 сакавіка, 2019.

Заяўкі на ўдзел у конкурсе трэба дасылаць на электронную пошту: konkurs.icomos@gmail.com або на адрас 220092, Мінск, вул. Траецкая набярэжная, 6.

Хто можа ўдзельнічаць?

  • Архітэктары, рэстаўратары і праектныя арганізацыі;
  • Грамадскія арганізацыі і ініцыятывы;
  • Пісьменнікі, навукоўцы, мастакі, дызайнеры, журналісты.

Адным словам, тыя, хто рэалізаваў праекты ў справе гісторыка-культурнай спадчыны ў перыяд з 2014 да 2018 года (за апошнія пяць гадоў):

«Спадчына ў дзеянні»: 5 намінацый, у якіх прымаюцца заяўкі на конкурс:

  1. Лепшы культурны праект, накіраваны на захаванне і выкарыстанне гісторыка-культурнай спадчыны – для грамадскіх ініцыятыў і арганізацый;
  2. Лепшы творчы праект/творчая праца, накіраваная на пераасэнсаванне гісторыка-культурнай спадчыны – для індывідуальных творцаў;
  3. Лепшая рэалізаваная (або ў працэсе рэалізацыі) рэстаўрацыя/ревіталізація/кансервацыя/рэадаптацыя архітэктурнай спадчыны – для архітэктараў і рэстаўратараў;
  4. Лепшая «папяровая» канцэпцыя рэстаўрацыі / ревіталізацыі / кансервацыі / рэадаптацыі архітэктурнай спадчыны – для маладых прафесіяналаў і творчых калектываў;
  5. Лепшая інтэр’ерная рэстаўрацыя і рэстаўрацыя буйных твораў мастацтва – для мастакоў-рэстаўратараў.

Пераможцы будуць абвешчаныя ў кожнай намінацыі

Пераможцы атрымаюць сімвалічны прыз, а таксама магчымасць падрабязна прадставіць вынікі сваёй працы пад час мерапрыемстваў арганізаваных Беларускім камітэтам ІКАМОС. Таксама пераможцаў чакаюць узнагароды ад галоўнага партнёра конкурса – кампаніі “Remmers”.

Важна, што пераможцы і праекты  з кароткага спісу Конкурса «Спадчына ў дзеянні»атрымаюць вядомасць і грамадскую вартасць. Мы спадзяемся, што  конкурс падвысіць прэстыж людзей і структур, якія cпрычыніліся да гэтых дасягнення. Усе працы, вылучаныя журы для кароткага спіса, будуць апублікаваныя ў спецыяльным буклеце Конкурса”, –  кажа Сцяпан Стурэйка.

Журы конкурса

Усяго ў журы конкурса ўваходзяць больш за 30 чалавек – рэстаўратары, праекціроўшчыкі, даследчыкі спадчыны і грамадскія дзеячы. Сярод журы – рэстаўратары Фёдар Сарока, Ігар Раханскі, Уладзімір Ракіцкі, Юрый Маліноўскі, Нэлі Дарашкевіч; гісторыкі Алег Дзярновіч, Сяргей Харэўскі, Аляксей Братачкін; культурныя менеджары і грамадскія дзеячы Таццяна Бембель, Дзмітрый Сурскі, Аксана Багданава, Андрэй Езерын і шматлікія іншыя.

«Мы паспрабавалі аб’яднаць людзей розных поглядаў і пакаленняў, але ўсе яны – дзеючыя прафесіяналы, ад якіх можна чакаць экспертызы найвышэйшага ўзроўню», – кажа Сцяпан Стурэйка пра журы.

Круглыя сталы

У падтрымку конкурса адбудуцца тэматычныя мерапрыемствы. «У лютым і сакавіку мы плануем правесці тры дыскусіі ў фармаце круглага стала. Тэмай стане вызначэнне крытэраў якасці рэстаўрацыйных і культурных праектаў, звязаных са спадчынай. Сярод галоўных выступоўцаў – чальцы журы конкурса», – кажа Алiна Дзеравянка, удзельніца аргкамітэту.  Першы Круглы стол адбудзецца 2 лютага ў Мінску.

Узнагароджанне і ўрачыстая цырымонія “Спадчына ў дзеянні” адбудуцца ў Мінску 18 красавіка, у Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцінаў.

Кантактныя асобы конкурса: Сцяпан Стурэйка, каардынатар конкурсу “Спадчына ў  дзеянні”, https://www.facebook.com/stsiapan.stureikae-mail: konkurs.icomos@gmail.com; Аліна Дзеравянка, сябра Аргкамiтэту конкурса, тэл. +375295544017

Конкурс праводзіцца рэспубліканскай грамадскай арганізацыяй “Беларускі камітэт Міжнароднай Рады па Помніках і Мясцінах” (ІКАМОС). Беларускі камітэт ІКАМОС быў утвораны ў 2002 г. У яго склад уваходзяць гісторыкі, архітэктары, рэстаўратары, грамадскія актывісты. Больш інфармацыі пра арганізацыю гл. тут http://belarus.icomos.org/.

 

 

Раім пачытаць

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: