Мы ўжо распавядалі пра сабаку, якая нядрэнна праводзіць зіму. А «Гродзенская праўда» піша пра вожыка, які гуляе зімой і абедае з сабакамі. Вожык зайшоў у двор да адной з жыхарак прыватнага сектара ў прыгарадзе Скідзеля. Дзяўчына зняла яго на відэа і выклала гісторыю ў Instagram. Аказалася, вожык наведваецца ў дом рэгулярна і ледзь не запісаўся ў «хатнія гадаванцы».
Упершыню Кацярына сустрэла госця ў сябе ў двары два гады таму. Ён апынуўся галодным і паабедаў сухім кормам з адной міскі з сабакамі. І наведвацца стаў рэгулярна. А аднойчы нават прывёў з сабой «сяброў», з якімі вырашыў перачакаць навальніцу ў дваровай рондалі.
Увосень ёж раптам знік, Кацярына нават захвалявалася, але ўчора ўлюбёнец вярнуўся. Праўда, у неўласцівы яму час. Узімку вожыкі ўпадаюць у спячку і прачынаюцца не раней за сакавік. Калі верыць народным прыкметам, ідучы па снезе вожык — прадвеснік пацяплення. А, па словах спецыялістаў, у тым, што млекакормячы раптам прачнуўся пасярод халоднай зімы, няма нічога дзіўнага.
— Вожыкі адносяцца да насякомаедных, зімой здабыць з-пад снегу ежу для іх становіцца праблемай. Менавіта таму яны ўпадаюць у зімовую спячку, але могуць прачнуцца, калі іх патурбаваць. У дадзеным выпадку вожыка маглі проста патрывожыць хатнія жывёлы, — пракаментаваў намеснік дырэктара Гродзенскага заапарку Віталь Гуменны.
Для жыцця вожыка гэта не небяспечна, галоўнае — знайсці новае зацішнае месца, каб паспрабаваць зноў легчы ў спячку. Паводзіны млекакормячага таксама нельга назваць дзіўнымі - у апошні час вожыкі сталі прыстасоўвацца да жыцця ў межах горада, побач з людзьмі. Іх папуляцыя выяўленая ў раёне Пышкі. Улетку ў раёне вуліц Урублеўскага і Дамброўскага вожыкі часта выходзяць паляваць да чалавечых дамоў. Ды і ў іншых кропках Гродне іх лёгка можна сустрэць.