Аб’яднаць турыстычныя бязвізавыя зоны ў Гродзенскай і Брэсцкай абласцях прапануе Міністэрства спорту і турызму, піша БЕЛТА. Туды плануюць ўключыць Івацэвіцкі, Лідскі і Навагрудскі раёны.
— Падводзячы вынікі 2018 года, мы бачым, што калі бязвізавыя зоны аб’яднаюцца, гэта дазволіць стварыць новыя турыстычныя маршруты, павялічыць паток турыстаў і час іх знаходжання ў Беларусі. У сярэднім па бязвізавай зоне ў Гродзенскай вобласці час знаходжання іншаземцаў складае каля двух дзён. Пры аб’яднанні сярэдні час павялічыцца да трох-чатырох дзён, — сказаў 15 студзеня на прэс-канферэнцыі Віталь Грыцэвіч, намеснік дырэктара Дэпартамента па турызме Мінспорту.
Пры стварэнні агульнай бязвізавай зоны плануецца дадаткова ўключыць туды рэгіёны, якія будуць найбольш цікавыя турыстам, напрыклад, Івацэвіцкі, Лідскі і Навагрудскі раёны. «Праўда, стаіць пытанне ў тым, ці гатовыя гэтыя раёны прымаць паток турыстаў. Магчыма, трэба папрацаваць над інфраструктурай», — адзначыў прадстаўнік Мінспорту.
Парадак бязвізавага знаходжання ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях вызначаны ўказам № 462, ён пачаў дзейнічаць з 1 студзеня 2018 года. Павялічана колькасць пунктаў пропуску для бязвізавага ўезду ў турыстычных мэтах, устаноўлены тэрмін наведвання, якi не перавышае 10 дзён, пашырана тэрыторыя для часовага знаходжання.