У 2018 годзе колькасць кантрабандных цыгарэт у Літву павялічылася на 45%. Такія лічбы агучаны ў справаздачы літоўскай памежнай службы. За мінулы год было затрымана 1 млн 768 тыс. пачкаў цыгарэтнай кантрабанды. У 2017 годзе гэтыя лічбы былі меншыя: 1 млн 222 тыс пачкаў, піша AutoGrodno.by.

Рост тлумачыцца літаральна некалькімі буйнымі аперацыямі, калі крымінальнай выведкай было затрымана больш за 700 тыс. пачкаў. Буйныя партыі цыгарэт перавозіліся на аўтамабілях з Латвіі і ў цягніках з Беларусі.

Як адзначаецца ў справаздачы, большасць затрыманых цыгарэт былі беларускай вытворчасці. Сярод папулярных марак — Fest, Minsk і Korona. Толькі невялікая колькасць — з Украіны і Таджыкістана.

Часцей за ўсё кантрабанда тытунёвых вырабаў ажыццяўлялася праз дзяржаўныя мяжы з Беларуссю — амаль за 1,2 млн пачкаў цыгарэт (70% усяго кантрабанднага тытуню).

Маршруты

Сучасныя сістэмы назірання за дзяржаўнай мяжой, укаранёныя памежнікамі, прывялі да змены маршрутаў кантрабанды. Толькі 47% кантрабанды прайшло у 2018 годзе праз так званую «зялёную» мяжу: гэта значыць па палях, лясах і вадаёмаў. У 2017 гэты паказчык быў 74%.

Акрамя таго, у 2018 годзе пагранічнікі выяўлялі ўсё больш выпадкаў правозу беларускіх тытунёвых вырабаў з Латвіі. Колькасць тытуню, завезенага ў гэтым кірунку ў мінулым годзе, склала амаль чвэрць (24%) усіх затрыманых тытунёвых вырабаў (у 2017 годзе — 4,4%).

Літва на дужым замку ад кантрабандыстаў трымае мяжу з Расіяй: у мінулым годзе там было затрымана ўсяго 35 тыс. пачкаў цыгарэт. Тэндэнцыя да зніжэння была зафіксавана і захоўваецца ў апошнія гады пасля ўкаранення сучаснай сістэмы назірання і кантролю.

Прычыны

Прычыны кантрабанды ў Літву ці ў заходнія краіны ў 2018 аналагічныя прычынам папярэдніх гадоў. Галоўнае — гэта розніца ў кошце на тытунёвыя вырабы паміж ЕС і суседнімі краінамі. Напрыклад, у Беларусі адны з папулярных цыгарэт каштуюць каля 0,74 еўра, а ў Літве раздробны кошт самай папулярнай цыгарэтнай пачкі прыкладна ў 4−5 разоў вышэй.

Іншымі прычынамі называюць абмежаваную пакупніцкую здольнасць насельніцтва Літвы, памяркоўнасць да кантрабанды, рост прыбытковасці нелегальнага бізнэсу, узровень беспрацоўя, а таксама выгаднае геаграфічнае становішча Літвы для такога нелегальнага бізнэсу.