Гродзенская вобласць — адзіная з рэгіёнаў краіны, дзе пакуль яшчэ няма асобнага анкалагічнага цэнтра. У Гродне рэканструюць комплекс будынкаў УАЗ «Гарадская клінічная бальніца № 3 г. Гродна» пад анкадыспансер, піша «Гродзенская праўда». Праект рэканструкцыі распрацаваны ў інстытуце «Гроднаграмадзянпраект», разбіты на пяць чэргаў будаўніцтва.

— Мы ўлічылі вопыт падобнага цэнтра ў Бараўлянах пад Мінскам, паколькі ў ходзе рэканструкцыі існуючага бальнічнага комплексу спатрэбіцца будаўніцтва яшчэ шасці лячэбных карпусоў, аперацыйнага корпуса на сем аперацыйных, аддзялення радыенукліднай дыягностыкі, а таксама пансіяната знаходжання пацыентаў на 59 месцаў, — распавядае начальнік праектнай майстэрні № 2 Уладзімір Клыбік.- Праект рэканструкцыі прадугледжвае стварэнне стацыянарных аддзяленняў на 312 ложкаў.

Цяпер праект праходзіць экспертызу ў Мінску і ўжо ў гэтым годзе ён пачне рэалізоўвацца.

Сёння лячэнне анка-захворванняў праводзіцца на базе абласной клінічнай бальніцы, таму анкахворыя не могуць прайсці поўны аб’ём дыягнастычных і лабараторных даследаванняў, а таксама неабходных працэдур лячэння.

Будаўніцтва анкалагічнага дыспансера пачнецца ў Гродне ў гэтым годзе