Некалікі чалавек зараблялі вырабам беспілотных лятальных апаратаў, па-просту, дронаў. Кліентаў шукалі ў Інтэрнеце. З дапамогай такой тэхнікі ў тым ліку перамяшчалі кантрабандны тытунь праз мяжу, паведамляе ТРК Гродна.

Следствам была зроблена праверачная закупка. Кошт аднаго дрона — 7200 у.а., ён можа падняць да 20 кг і перанесці на адлегласць да 10 км. Кіруюць такімі апаратамі дыстанцыйна — праз ноўтбук і GPS-навігацыю. Падчас праверачнай закупкі прадаўца затрымалі.

Высветлена, што гэтая група людзей вырабляла дроны і меншай грузападымальнасці. Пасля затрымання былі выяўлены і пакупнікі незвычайнай грузавой тэхнікі. Сярод іх былі і тыя, хто перасоўваў цыгарэты праз дзяржмяжу ў краіны Еўразвяза — Польшчу і Літву.

На сённяшні дзень распачата крымінальная справа па артыкуле «Замах на незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць». Чальцам злачыннай групы пагражае да 3 гадоў турмы кожнаму.