Рада горада Беластока прыняла 11 студзеня пастанову ў справе скасавання візаў «па закупы» для беларусаў. Беластоцкія радныя ад імя «Грамадзянскай платформы» патрабуюць ад міністра замежных спраў Польшчы вярнуць візы. Паводле іх, скасаванне візаў «па закупы» адмоўна адаб’ецца на падляшскай эканоміцы ды памежных суадносінах, перадае «Радыё Рацыя».

Як кажа радная Ёвіта Худзік, на гэтым рашэнні страцяць не толькі беларусы, але таксама беластоцкія прадпрымальнікі.

— Ліквідацыя віз «па закупы» спрычыніцца да стратаў беластачан, якія працуюць у сферы паслуг і гандлю. Пры адначасовых абмежаваннях, уведзеных беларускім бокам, гэта можа прывесці, па праўдзе кажучы, да ліквідацыі гандлёвага турызму, можа абмежаваць і парушыць нашы добрасуседскія дачыненні. З другога студзеня польскі ўрад скасаваў візы «па закупы» для грамадзян Беларусі. З году ў год беларусы штораз менш купляюць у падляшскіх крамах. Паводле дадзеных мытнікаў, у 2018 годзе грамадзяне Беларусі купілі тавараў на 618 мільёнаў злотых. Гэта на 50 мільёнаў менш, чым у 2017 годзе. Яшчэ ў 2014 годзе беларусы купілі на Падляшшы тавараў на 1 мільярд злотых.