Падчас раскопак на Замкавай гары археолагі выявілі яшчэ адну шахматную фігуру. У пластах XIII стагоддзя пешка «чакала» гродзенскіх даследчыкаў у адной з раскрытых драўляных пабудоў, піша «Гродзенская праўда». Выканана яна з дрэва, а аснову фігуры ўпрыгожвае сімвал, які нагадвае знак сонца, — кола са спіцамі. Цяперашняя знаходка стала ўжо чацвёртай у так званай «партыі» Замкавай гары.
Першай яшчэ ў самым пачатку раскопак на Замкавай гары стала ладдзя меркавана XIV стагоддзя. Пазней яе дапоўнілі пешка XIV стагоддзя, выкананая гэтак жа, як і папярэдняя знаходка, з рога жывёлы, і фрагмент шахматнай дошкі - адна з яе вертыкаляў або гарызанталяў дащжынёй крыху больш за 25 сантыметраў.
На Старым замку знайшлі кавалак сярэднявечнай шахматнай дошкі
Гэтая знаходка прыкладна другой паловы XIV стагоддзя аказалася яшчэ і вельмі «капрызнай». Большую частку часу фрагмент дошкі знаходзіўся ў спецыяльнай маразільнай камеры, паколькі кантакт з кіслародам пры звычайнай тэмпературы прыводзіў да разбурэння матэрыялу — дрэва з гісторыяй мінімум у шэсць стагоддзяў. Зараз гэты этап ўжо пазаду. Фрагмент шахматнай дошкі прайшоў спецыяльную апрацоўку і закансерваваны рэстаўратарамі.
Што яшчэ знаходзяць каля замка
— Яшчэ адной цікавай знаходкай, выяўленай побач з апошняй шахматнай фігурай, стаў нехарактэрны для нашых зямель пярсцёнак-пячатка. Каму ён мог належаць — пытанне адкрытае. Але на ім намаляваны, хутчэй за ўсё, радавы герб, і ён зможа паказаць кірунак для магчымых гістарычных гіпотэз. Па кансультацыю звярнуліся да вузкіх спецыялістаў, — распавяла загадчыца аддзела археалогіі гісторыка-археалагічнага музея Наталля Кізюкевіч.
Нягледзячы на складаныя ўмовы надвор’я, праца археолагаў ля сцен Старога замка працягваецца дзень за днём, і з той жа інтэнсіўнасцю тут папаўняюцца «фонды» археалагічных пошукаў. У пластах другой паловы XIII стагоддзя сустракаюцца ўпрыгажэнні, розныя металічныя накладкі і прадметы ўжытку. Не так даўно, напрыклад, адкрылі клубочак нітак, рыбалоўны кручок.
Ля сцен Старога замка раскрылі 20 драўляных пабудоў
Практычна ўсе гэтыя знаходкі выяўлены ў старажытных драўляных пабудовах, якіх каля сцен Старога замка на сённяшні дзень раскрыта ужо 20. Датыроўкі кожнай з іх археолагі акрэсліваюць прыблізна, але ў будучыні змогуць казаць пра значна больш дакладны час іх магчымага будаўніцтва. Спілоўкі дрэва кожнага будынка адпраўляюцца ў сталіцу, і дзякуючы даследаванням адпаведных спецыялістаў датыроўка будзе значна больш дакладнай — у межах дзесяцігоддзяў.
— Першыя 16 узораў адправілі ў Мінск яшчэ ўлетку. Некаторыя з іх ужо можна звязаць з канкрэтнымі датамі. Напрыклад, час, калі быў ссечаны «будматэрыял» для верхняй пабудовы, даследчыкі вызначылі 1401 годам, адразу пад ёй — 1389 годам. Вядома, гэта зусім не азначае, што менавіта ў гэты год на Замкавай гары пачалося будаўніцтва выяўленых падчас раскопак будынкаў. Суадносіць такія лічбы будзем яшчэ і з той часовай прыналежнасцю, на якую паказваюць выяўленыя ў тым ці іншым пласце знаходкі, — кажа Наталля Кізюкевіч.