Сучасны гандлёвы аб’ект з харчовым супермаркетам, крамай прамысловых тавараў, аптэкай і кафэ пабудуюць у бліжэйшыя гады ў мікрараёне Паўднёвы-3. Участак паблізу вуліцы Напалеона Орды прадалі на аўкцыёне ў аўторак, 8 студзеня, піша «Вячэрні Гродна».

Участак плошчай 37 сотак сышоў з малатка за больш чым 95 тыс. рублёў, на гандаль зарэгістраваўся адзін удзельнік. Па ўмовах будучы гандлёвы аб’ект павінен змяшчаць як крамы з харчовымі, так і нехарчовымі таварамі. Таксама ў ім могуць размясціцца кафэ або закусачная і адміністрацыйныя памяшканні.

— Там адкрыюцца «Белмаркет», кропкі з прамысловай групай тавараў, аптэка. Падумваем і над адкрыццём крамы тавараў з Еўропы сэканд-хэнд. Тэрміны пакуль назваць цяжка, але пастараемся ўсё зрабіць якасна і хутка, — распавёў гродзенскі бізнэсмэн, які набыў ўчастак.

Па ўмовах аўкцыёну ўладальнікі ўчастка павінны распрацаваць праект не пазней, чым праз 2 гады з моманту куплі.