Па распараджэнні Прэм’ер-міністра РБ Сяргея Румаса створана міжведамасная рабочая група, якая павінна выпрацаваць меры для абароны інтарэсаў Беларусі пры рэалізацыі інвестпраекта на ААТ «Гродна Азот», піша «Вячэрні Гродна».
— Міжведамаснай рабочай групе даручана забяспечыць выпрацоўку мер, накіраваных на абарону інтарэсаў Рэспублікі Беларусь пры рэалізацыі інвестыцыйнага праекта. Пры неабходнасці ва ўстаноўленым парадку прадастаўлена права прыцягваць да працы кіраўнікоў і спецыялістаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных Ураду Рэспублікі Беларусь, уносіць у Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прапановы па пытаннях рэалізацыі інвестыцыйнага праекта, — гаворыцца ў пастанове.
Узначаліць групу намеснік Прэм’ер-міністра Ігар Ляшэнка.
Акрамя таго, Беларускаму дзяржаўнаму канцэрну па нафце і хіміі сумесна з зацікаўленымі даручана забяспечыць падрыхтоўку і ўнясенне на разгляд міжведамаснай працоўнай групы матэрыялаў па пытаннях рэалізацыі інвестыцыйнага праекта, а таксама падрыхтоўку праектаў пратаколаў (рашэнняў) па гэтых пытаннях.
Нагадаем, да 2024 года на «Гродна Азот» павінны запусціць сучасны азотны комплекс. Ён абыдзецца больш чым ў 1,6 млрд рублёў. Плануецца, што каля 15% ад гэтай сумы накіруе само прадпрыемства, на астатнюю частку маюць намер прыцягнуць замежныя крэдыты. Сярод інвестараў - Кітай, еўрапейскія банкі ці кансорцыум расійскіх і беларускіх банкаў.
Новая вытворчасць будзе экалагічна чыстай і за кошт сучаснага абсталявання будзе больш энергаэфектыўнай. Так, прыкладна на 15% знізіцца расход газу, а ўдзельнае энергаспажыванне знізіцца на 20%, што дасць магчымасць штогод эканоміць дзесяткі мільёнаў даляраў. Праект новага азотнага комплексу дасць магчымасць «Азоту» падвоіць выпуск карбаміду і значна павялічыць пастаўкі на замежныя рынкі. Акупіцца комплекс за 10 гадоў.