26 снежня на сайце Следчага камітэта з’явілася інфармацыя: адміністратар хакейнага «Нёмана» затрыманы па падазрэнні ў крадзяжы ў буйным памеры.
У клубе распавялі Hrodna.life, што затрыманым аказаўся вахцёр, які ніякага дачынення да дзейнасці прафесійнай хакейнай каманды не мае.
Навіна аб крадзяжы разляцелася імгненна і ў «Нёман» 26 і 27 снежня паступіла мноства званкоў, у тым ліку і з іншых краін.
Нагадаем, 21 снежня ў міліцыю паступіла заява ад тренера-выкладчыка спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву «Нёман» па хакеі. Ён паведаміў аб крадзяжы партманэ, у якім знаходзіліся 4655 еўра, выдзеленыя клубам для паездкі дзіцячай каманды на гульні ў Эстонію.
Па факце крадзяжу ў буйным памеры была ўзбуджаная крымінальная справа. Неўзабаве асобу падазронага высветлілі. СК паведаміў, што ім аказаўся 29-гадовы адміністратар «Нёмана». У ходзе допыту падазраваны прызнаўся ў злачынстве. Усе выкрадзеныя ў клуба грошы канфіскаваныя.
«Гэта не адміністратар клуба, а адміністратар адміністрацыйна-гаспадарчага аддзела, які выконваў функцыю вахцёра. Мы ўжо папрасілі ў Следчым камітэце выправіць гэтую інфармацыю», — распавялі ў клубе.
Вядома, што затрыманаму прад’яўленае абвінавачванне, да яго ўжытая мера стрымання — заключэнне пад варту. Чалавек набліжаны да затрыманага адзначыў, што такім учынкам мужчына скалечыў сабе жыццё.
«Гэта былы дзіцячы трэнер, але ў апошні час працаваў вахцёрам. Па нашай інфармацыі не клуб вылучыў грошы, а бацькі сабралі. І ён не зусім скраў, а трэнер забыўся на бачным месцы, фактычна, згубіў, а ён узяў. Вялікую суму павінен быў, быццам бы прайграў. Добры хлопец, шкада, але сам скалечыў сабе жыццё».