Беспрэцэндэнтна доўга для горада над Нёманам цягнуўся разгляд касацыйнай скаргі жыхара Гродна Аляксандра Горбача ў абласным судзе. Аднак у выніку сенсацыі не здарылася, піша «Гарадзенская вясна». Адміністрацыйная справа Аляксандра Горбача датычыць яго даўніх перапостаў у сацыяльнай сетцы ВКонтакте.

Разгляд скаргі на штраф суда Кастрычніцкага раёна суддзя абласнога суда Васіль Скок пачаў яшчэ ў чацвер 20 студзеня. Паўгадзіны ён разглядаў матэрыялы справы, задаваў Горбачу пытанні па скарзе. Потым суддзя абвесціў перапынак і цэлую гадзіну раіўся ў асобным пакоі. У выніку ж абвешчанне свайго рашэння ён перанёс на наступны дзень.

21 студзеня, у пятніцу, Васіль Скок абвесціў сваю пастанову: рашэнне суда Кастрычніцкага раёну пакінута ў сіле. Адзінае, што зрабіў суддзя — выключыў з пастановы раённага суда сцверджанне, што Горбач размяшчаў у інтэрнэце ў сваім акаўнце ў ліку іншага абрэвіятуру СЛОН. Гэты момант быў сфальшаваны ў пратаколе і падтрыманы суддзём Кастрычніцкага раёну Валерыем Шпакам.

Напомнім, што 20 лістапада суддзя Валерый Шпак аштрафаваў Горбача паводле арт. 17.10 — на 5 базавых велічынь, паводле арт. 17.11, частка 2 — на 25 базавых.

Паводле першага эпізоду адміністрацыйнай справы Горбач прызнаны вінаватым у размяшчэнні малюнка з фашыстоўскай сімволікай. Аднак, насамрэч Аляксандр вядамы ў горадзе як перакананы антыфашыст — свастыка на тым малюнку выкідваецца ў сметніцу і гэта яскрава пацвярджае антыфашыстоўскія погляды Горбача. Але і суддзя абласнога суда адмовіўся разглядаць гэтую выяву ў кантэксце ўсяго малюнку і перапосту Горбача.

[irp posts="98 718″ name="Чацвёрты штраф за рэпост ў Гродне. Мужчыну аштрафавалі на 15 базавых"]

Іншыя эпізоды размяшчэння на ўласнай старонцы Горбача ў сацсетцы ВКонтакте датычаць фотаздымкаў і абрэвіятур, якія таксама не могуць лічыцца экстрэмісцкімі. Такім чынам адміністрацыйная справа Аляксандра Горбача мае абсурдны з юрыдычнага гледзішча характар.